Панядзелак, 07 Жнівень 2017

У Віцебску скарацілі на чвэрць фінансаваньне будаўніцтва паліклінікі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскі гарадзкі савет дэпутатаў унёс зьмены ў «Інвэстыцыйную праграму гораду Віцебску на 2017 год». Зьмены закранулі і даўгабуд паліклінікі ў мікрараёне “Поўдзень-7А”

У прыватнасьці, у галіне “Ахова здароўя” гэтай праграмай прадугледжвалася выдаткаваньне 2 мільёнаў рублёў на паліклініку ў згаданым мікрараёне. Паводле ж прынятых дэпутатамі 26 ліпеня зьменаў цяпер на гэтую пляцоўку выдаткаюць толькі 1,5 мільёну рублёў.

У сакавіку старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарстнёў паабяцаў дабудаваць гэтую мэдустанову да восені 2018 году. Для завяршэньня работ на гэтым даўгабудзе ўлады акрамя бюджэтных грошай шукаюць розныя крыніцы фінансаваньня, у тым ліку кітайскія інвэстыцыі і сродкі Банку разьвіцьця.

Раней паведамлялася, што ў 2017 годзе на будаўніцтва гэтай паліклінікі з абласнога бюджэту будзе зарэзэрвавана 2 мільёны рублёў, яшчэ 2 мільёны прафінансуе горад. Гэтых сродкаў павінна было хапіць на ўзьвядзеньне будынку пад дах. Але для поўнай рэалізацыі праекту і здачы паліклінікі ў строй на ўнутраную апрацоўку і абсталяваньне трэба яшчэ каля 20 мільёнаў рублёў.

Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc