У Суйкаве пяць вуліц адлегласьцю пяць кілямэтраў, 113 падворкаў, 300 жыхароў, школа, крама. Вакол – зялёныя пагоркі і маляўнічыя пэйзажы. Вёска газафікаваная. Але існуе праблема водазабесьпячэньня, якая стаіць гэтак востра, што ўводзіць у роспач шмат якіх жыхароў вёскі.
Так, на вуліцы Партызанскай, даўжынёй 1200 мэтраў, водаправод адсутнічае з 70‑х гадоў мінулага стагодзьдзя. Калісьці на вуліцы стаяла некалькі калёнак, але з часам трубы саржавелі, а мяняць іх ніхто ня стаў. Ёсьць на вуліцы некалькі прыватных калодзежаў з вадой сумнеўнай якасьці. Калодзежы глыбокія – па 12-13 кольцаў, але вады няшмат. У засушлівы год яны перасыхаюць. Нейкі час было водаразборнае прыстасаваньне ад фэрмы, якое забясьпечвала вадой тэхнічнага прызначэньня, але пасьля таго, як выканкам даў справаздачу, што ў Суйкаве праклалі водаправод, людзі пазбавіліся і гэтай крыніцы водазабесьпячэньня. Пазалетась абязводзіліся настолькі, што ваду ў вёску вазіў водаканал.
Як распавяла асноўная завадатарка водаправоднай эпапеі Алена Янушкоўская, барацьба за водаправод у вёсцы распачалася ў 2007 годзе, калі яна, спадзеючыся палепшыць жыльлёвыя ўмовы, пераехала разам з дачкой і пяцьцю прыёмнымі дзецьмі зь Віцебску сюды ў дом з калодзежам. Але, як высьветлілася, у калодзежы вады хапала ненадоўга. Для пральнай машыны і іншых бытавых патрэб ваду давялося насіць з сажалкі, што і нязручна, і досыць цяжка. Сажалкі, вядома, ратуюць, але ў сухое лета перасыхаюць і яны. Усё залежыць ад ападкаў. Часьцяком даводзіцца зьбіраць дажджавую ваду, езьдзіць па ваду да знаёмых ці купляць у краме бутэляваную. Пытаньне стаіць вельмі востра, і яго трэба вырашаць як мага хутчэй.
Цягам апошніх гадоў жыхары Суйкава неаднаразова зьвярталіся ў разнастайныя дзяржаўныя інстанцыі, да свайго дэпутата. У 2009 годзе пісалі калектыўныя звароты ў Віцебскі райвыканкам і аж да прэзідэнцкай камісіі.
Як кажа Алена Янушкоўская, адпісак сабралася ўжо кіляграмы на два. Мясцовым чыноўнікам такая рупнасьць вяскоўцаў прыйшлася не па душы. На актывістаў пачаліся ганеньні: зьнянацку ў вёску прыехалі прадстаўнікі санстанцыі і пачалі палохаць магчымымі штрафамі. Некаторыя нават атрымалі прадпісаньні пра ліквідацыю выяўленых парушэньняў: складаваць дровы, прыбраць пяшчаную кучу...
Распавядае спадарыня Алена:
– У адсутнасьці цывілізаванага водазабесьпячэньня мы вінавацім найперш мясцовыя ўлады, а менавіта старшыню нашага Заронаўскага сельскага савету Раісу Ярошкіну, якая давала заведама фальшывыя дадзеныя пра стан водазабесьпячэньня ў вёсцы. Яна заявіла, што жыхары Суйкава забясьпечаныя вадой у поўным аб'ёме. Адзін час водазабесьпячэньне адсутнічала нават у школе і было адноўленае толькі пасьля звароту бацькоў. Праўда, на вуліцы Камуністычнай, дзе жыве старшыня, насупраць яе дома знаходзяцца адзін з двух грамадзкіх калодзежаў ды ажно дзьве калёнкі – і гэта ў дадатак да водаправоду, які ў доме там ёсьць. Апроч таго, яе бочка для фэкаліяў знаходзіцца ў некалькіх мэтрах ад грамадскага калодзежу.
Апошнюю акалічнасьць людзі ўспрымаюць як публічны зьдзек з аднавяскоўцаў, якія бяз посьпеху цягам дзесяці гадоў намагаюцца адстаяць сваё права на свабодны доступ да важнага сацыяльнага наладжваньня.
Алена Янушкоўская:
– Ня так даўно з тэлевізійнага выказваньня старшыні аблвыканкаму Шарстнёва вяскоўцы даведаліся, што грошы на водаправод, аказваецца, былі выдаткаваныя, але водаправодныя трубы былі пракладзеныя недалёка ад вёскі на адведзеным пад катэджны пасёлак полі. Ніхто, аднак, гэтыя ўчасткі не купляе, грошы ў літаральным сэнсе закапалі ў зямлю. Але, як тлумачаць людзям, закапаная труба зьяўляецца рэзэрвовай лініяй. Дык навошта нам рэзэрвовая, калі ня маем асноўнай? На асабістым прыёме старшыня аблвыканкама сказаў, што водаправоду суйкаўцам давядзецца чакаць гадоў дзесяць.
Вырашыць самастойна праблему водазабесьпячэньня для большасьці вяскоўцаў не па кішэні. Бурыць сьвідравіну задорага, капаць калодзеж – як гуляць у рулетку. Адна надзея – на дзяржаву.
Апошні адказ зь Віцебскага раённага выканаўчага камітэту гучыць абнадзейліва, але не канкрэтна: «Работы па будаўніцтве сетак водазабесьпячэньня ў в. Суйкава плянуецца працягнуць у трэцім квартале 2017 году». Вяскоўцы перакананыя, што водаправод працягнуць яшчэ на некалькі сотняў мэтраў, і, зьбіўшы пратэставы настрой, гэтым абмяжуюцца.
https://vitebskspring.org/news/satsyyalnyya-pravy/item/2375-uzho-10-gadou-zhykhary-vjoski-sujkava-damagayutstsa-nalezhnaga-vodazabespyachennya#sigProIdd5dfd27d96
С. Горкі