Субота, 12 Жнівень 2017

Палачанам затрымліваюць выплату пэнсіяў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Полацку сталі затрымліваць выплату пэнсіяў на карт-рахункі банкаў. Так, Прыёрбанк затрымаў выплату пенсіі на два дні. Пэнсіянеры, якія атрымлівалі пэнсію 7-га чысла, у жніўні атрымалі толькі 9-га. Работнікі банку кажуць, што полацкая Ўправа па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне не падала сьпісаў на выплату пэнсіяў.

Пэнсіянэраў, якія прыйшлі па тлумачэньне ў банк, адпраўлялі ў Полацкі аддзел сацзабесьпячэньня. Начальніца аддзелу выплаты пэнсіяў і дапамогаў Сьвятлана Багданава тлумачыла пэнсіянэрам, што Прыёрбанк паводле графіку павінен выплачваць пэнсіі толькі з 11-га чысла. Чыноўніца аддзелу сацзабесьпячэньня, спасылалася на пастанову Міністэрства працы і сацыяльнага забесьпячэньня ім ад 2 сьнежня 2015 году, менавіта так патлумачыла затрымкі пэнсіі ў жніўні 2017 году. Больш раньнія выплаты пэнсіяў банкамі ў ранейшыя месяцы Сьвятлана Багданава тлумачыла тым, што фінансавыя сродкі на пэнсіі паступалі раней за вызначаную дату.

У аддзел сацзабесьпячэньня прыходзілі са скаргамі пэнсіянэры, якія атрымліваюць пэнсіі ў розных банках: Прыёрбанк, БПС-Ашчадбанк, Белінвэстбанк. У Полацку ў жніўні толькі Беларусбанк выплаціў пэнсіі своечасова. Аддзел пэнсійнага забесьпячэньня мае намер праінфармаваць палачан празь мясцовую газэту пра вызначаныя даты выплаты пэнсіяў. Так, паводле інфармацыі начальніцы аддзелу выплаты пэнсіяў і дапамогаў Сьвятланы Багданавай ў Полацку цяпер вызначаныя такія даты выплаты пэнсіяў на карт-рахункі:

  • Беларусбанк – 7 чысло,
  • Белінвэстбанк – 11 чысло,
  • Прыёрбанк – 11 чысло,
  • БПС-Ашчадбанк – 11 чысло,
  • Белаграпрамбанк – 12 чысло.

Выдача пэнсіяў гатоўкай у розных аддзяленьнях Беларусбанку вызначаная з 8 па 11 чысло штомесяц.

Пры гэтым начальніца аддзелу выплаты пэнсіяў Сьвятлана Багданава папярэджвае пэнсіянэраў, што калі яны памяняюць банк выдачы пэнсіі, то пэнсію будуць атрымліваць толькі 21 чысла.

Пэнсіянэры абураюцца затрымкай пэнсіяў, але пакуль не выказваюць намераў пратэставаць якім-небудзь чынам.

Аляксандар Марозаў, vitebskspring.org

Пакінуць камэнтар