Аўторак, 14 Красавік 2026

Грошы для віцебскай палітэмігранткі Алены Янушкоўскай сабралі за 3 дні

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жанчына прасіла грашовай дапамогі, каб прайсці медычны агляд і пацвердзіць інваліднасць, якую ёй далі яшчэ ў Беларусі. На гэта было неабходна 5 700 злотых, але за 3 дні для віцебскай актывісткі блогеркі сабралі амаль 7 000.

У Варшаве 60-гадовая Алена Янушкоўская апынулася ў 2021-м – уцякла з Беларусі, дзе супраць яе распачалі некалькі крымінальных спраў. Такую “увагу” яна заслужыла тым, што ў сваім відэаблогу распавядала пра праблемы вяскоўцаў, брала ўдзел у акцыях за незалежнасць Беларусі, у 2020-м вяла стрымы з вулічных шэсцяў. Жанчыну шмат разоў каралі штрафамі  і арыштамі. у 2024г.  беларускія улады прадалі  яе адзінае жытло - хату ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёна - дзеля кампенсацыі прысуджаных штрафаў. 

Але ў эміграцыі яна сутыкнулася з праблемай: для пацвярджэння інваліднасці патрэбны агляд у мясцовых спецыялістаў. 

“Медычныя дакументы для польскіх медыкаў служаць толькі для азнаямлення. Патрабуюцца пацверджанні ад мясцовых спецыялістаў. На жаль, тэрміны чакання па NFZ (дзяржаўнай сістэме медабслугоўвання) настолькі вялікія, што візіту да спецыялістаў можна проста не дачакацца. Адзінае выйсце — прайсці ўсе абследаванні і дыягностыку платна, пакуль яшчэ застаюцца хоць нейкія сілы. Бо стан майго здароўя пагаршаецца”, - пісала Алена Янушкоўская.

Цяпер яна абвясціла пра закрыццё збору: "Мае любімыя беларусы! Сябры! У мяне проста няма слоў. Вы ў чарговы раз праявілі сілу салідарнасці. Кожны ваш злоты — гэта мой шанец на падтрымку і жыццё без болю".

8 траўня 2024 года паводле рашэння КДБ прозвішча Алены Янушкоўскай было ўнесена ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў, які складае Міністэрства ўнутраных спраў. Прычынай стала жаданне ўзяць удзел у выбарах у Каардынацыйную Раду ў складзе кааліцыі «Салідарнасць» (аб'яднання палітычных партый «Народная Грамада» і «Беларуская Хрысціянкая Дэмакратыя»). 16 траўня ў «Пераліку экстрэмісцкіх арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, схільных да экстрэмісцкай дзейнасці» было згадана прозвішча блогеркі як удзельніцы гэтай кааліцыі. "Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй" прызнаныя ўсе сацсеткі віцебскай актывісткі і блогеркі. 

Маргарыта Шэвелева