Пятніца, 02 Студзень 2026

Флагшток у Віцебску прызнаны найвышэйшым дасягненнем 2025 году. Паводле афіцыйнай версіі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Дзяржаўная гарадская газета “Віцьбічы” вызначыла  Топ-5 галоўных падзеяй у развіцці гарадской інфраструктуры. На першым месцы апынулася Плошча сцяга і герба з флагштокам вышынёй 69,3 м, на які ўзняты сцяг 14 на 7 м.  Плошчу будавалі больш за год і адчынілі летась 11 траўня. Колькі грошай з бюджэту на гэта пайшло, не кажуць і дагэтуль.

Другое месца ў Топ-5 дасталося гатэлю “Віцебск”, адкрытаму пасля рэстаўрацыі, трэцяе - SPA-центру «Южный», які не маглі дабудаваць на працягу 14-ці гадоў. На чацвертае месца рэдакцыя дзяржСМІ паставіла мост Юбілейны, які доўгі час лічыўся аварыйным і нарэшце быў адрэстаўраваны, а на пятае – праграму “Падвалы”, якая распачалася пасля шматлікіх скаргаў жыхароў Віцебска і прадугледжвае замену інжынерных сетак у старых дамах. Праўда, цягам 2025 года гэта ўдалося зрабіць толькі ў 73-х “шматпавярхоўках” (ад пачатку абяцалі, што ў 75-ці).  На гэта было выдаткавана 3 мільёны рублёў. Каб зразумець, колькі грошай мясцовыя ўлады ўклалі ў тое, што сапраўды зроблена на карысць людзям,  дарэчным будзе такое параўнанне: сума, выдаткаваная на Плошчу сцяга і герба, дагэтуль не названая. Але толькі светладыёдныя экраны каштавалі 1 125 069,43 рублёў.

Дарэчы, газета “Віцьбічы” надрукавала інтэрв’ю са старшынём Віцебскага гарвыканкама Аляксея Героева пра вынікі 2025 года. Ужо здагадаліся, якую падзею ён адзначыў як самую галоўную для віцяблян? Пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў і канстатацыі, што цягам года ў горадзе нарадзіліся 2 тысячы немаўлят, - тая самая Плошча герба і сцяга з флагштокам.

Аліна Пятрова