Цэлая група прадстаўнікоў мясцовых уладаў ездзіла разам з намесніцай старшыні райвыканкама. Да прыкладу, так раённая газета «Герой працы» апісвае сустрэчу з насельніцтвам у вёсцы Грабніца: «Вяскоўцы звярталіся са звычайнымі для гэтага перыяду года пытаннямі: вулічнае асвятленне, грэйдзіраванне дарог, дровы. Бягучыя пытанні запісвала старшыня Сіроцінскага сельвыканкама Аксана Шынкевіч, больш складаныя фіксавалі члены групы». Калі гэтыя пытанні «звычайныя», то чаму паўстаюць штогод? Чаму ўлады, ведаючы пра хранічную праблему, не вырашылі яе раней?
Праблем, паводле вяскоўцаў, у іхным штодзённым жыцці нямала. І ўсе яны маглі б быць вырашаны раней: «Жыхароў Сіроціна хвалюе якасць вады, бо мясцовая сельгасарганізацыя, якой належаць свідравіна і станцыя абезжалезвання, не праводзіць рэгулярнае абслугоўванне і ачыстку фільтраў. Жыхары вёсак Грабніца і Філіпенкі паскардзіліся на асартымент і якасць тавараў, якія прывозіць аўтамагазін: “Хлеб чэрствы, на каўбасных вырабах няма інфармацыі аб даце вырабу і тэрмінах прыдатнасці, малако скісае на наступны дзень пасля набыцця. У аграгарадку Слабада жыхары, з аднаго боку, дзякавалі за падтрымку і вырашэнне многіх праблем, а з другога – ставілі пытанні па рамонце дарог, вулічным асвятленні, перабоях з электрычнасцю, па аўтобусным руху, зацяканні вады ў кватэры».
Прадстаўнікі «уладнага дэсанта» традыцыйна паабяцалі паспрыяць вырашэнню пытанняў. Але яны звярнуліся і да людзей, каб тыя самі парупіліся з вырашэннем пытанняў па добраўпарадкаванні сваіх населеных пунктаў. Маўляў, трэба «праяўляць ініцыятыву, а ўлада падтрымае добрыя справы». Толькі наўрад ці вяскоўцы здольныя самі заасфальтаваць дарогу, адрамантаваць ліхтары, не кажучы ўжо пра паляпшэнне асартыменту ў крамах.
Марына Пухалік