Субота, 09 Лістапад 2024

Школам і паліклінікам – 600 тысяч рублёў на ўсіх, столькі ж – на навагоднюю ілюмінацыю, і 300 тысяч рублёў – футбольнаму клубу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Дэпутаты Віцебскага гарсавета падзялілі грошы: на чарговай сесіі ўнеслі змены ў бюджэт Віцебска на 2024 год. Яны зацвердзілі размеркаванне дадатковых прыбыткаў на агульную суму звыш 11 мільёнаў рублёў. Дадатковыя грошы з'явіліся дзякуючы «бязвыплатным паступленням з абласнога бюджэту (1,4 мільёна рублёў) і звышпланавым даходам - больш за 9,6 мільёна рублёў»,  якія былі атрыманыя з падаткаў.

Пра тое, як размеркавалі дадатковыя бюджэтныя грошы, напісала гарадскай газета «Віцьбічы» са спасылкай на кіраўніцу фінансавага ўпраўлення гарвыканкама Галіну Вадзільнікаву. Чыноўніца паведаміла, што на расходы Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі, умацаванне матэрыяльнай базы і рамонт устаноў адукацыі, а таксама іншых бюджэтных арганізацый плануецца выдаткаваць каля 600 тысяч рублёў. Удакладнім – гэта сума перададзена з абласнога бюджэту як «бязвыплатнае паступленне» і будзе размеркавана паміж установай аховы здароўя іяшчэ некалькімі бюджэтнымі арганізацыямі.

Параўнаем выдаткі, якія дэпутаты пастанавілі накіраваць на падтрымку іншых суб'ектаў гаспадарання. Так, астатнія грошы, атрыманыя з абласнога бюджэту, плануецца накіраваць «у асноўным на фінансаванне гарадскіх аўтобусных перавозак (767,2 тысячы рублёў)».

Што тычыцца размеркавання сродкаў, атрыманых з падаткаў (нагадаем, гэта каля 9,6 мільёна рублёў), то «амаль палова гэтых грошай будзе выдаткавана на «добраўпарадкаванне населеных пунктаў» - атрымліваецца, каля 4,8 мільёна рублёў.

Цікава прасачыць, як дэпутаты вырашылі «раздаць» атрыманыя ад гараджан падаткі. Так, на бягучае ўтрыманне і рамонт прыдамавых тэрыторый, а таксама вулічна-дарожнай сеткі плануецца накіраваць 2,3 мільёна рублёў. У тым ліку 24,5 тысячы рублёў - на добраўпарадкаванне тэрыторыі ў раёне жылых дамоў №№ 64, 66 па Маскоўскім праспекце.

Частка сродкаў (600 тысяч рублёў) выдзяляецца на «святочнае афармленне горада да Новага года, у тым ліку на падрыхтоўку аб'ектаў добраўпарадкавання, вонкавых сетак асвятлення і ілюмінацыю».

«Працягнецца фінансаванне работ па стварэнню будучай плошчы сцяга і герба ў парку 1000-годдзя Віцебска, а таксама мадэрнізацыі Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў», -- паведамляе газета «Віцьбічы» без удакладнення сум. Атрымліваецца, што на гэтыя два аб'екты будуць патрачаны каля 2 мільёнаў падаткаў, узятых з гараджан.

Яшчэ 3,5 мільёна рублёў са сродкаў, якія не падыходзяць пад «добраўпарадкаванне», накіруюць на аб'ект “Рэканструкцыя будынка “Культурна-дзелавы цэнтр у парку імя Фрунзэ,1 у г. Віцебску (філіял “Канцэртная зала “Віцебск”)”.

150 тысяч рублёў пойдзе на кампенсацыю выдаткаў па аказанні насельніцтву лазневых паслуг, 1 мільён рублёў - на дадатковае субсідаванне гарадскіх аўтобусных перавозак, 300 тысяч рублёў - на набыццё аўтобуса для ДУ "Футбольны клуб "Віцебск". Яшчэ больш за 370 тысяч рублёў дадаткова накіравана на фінансаванне штомесячных мэтавых грашовых выплат дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў і знаходзяцца ў апякунскіх і прыёмных сем'ях.

Пытанне з фінансаваннем стварэння Плошчы герба і сцяга, на якую ідуць бюджэтныя грошы, зноў засталося адкрытым. Улады ўпарта не раскрываюць суму, у якую гэта выльецца, хаця туды, як мы бачым, выдаткоўваюцца і грошы, адлічаныя грамадзянамі ў якасці падаткаў.

Леанід Масквін