У Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Машэрава вырашаецца пытаньне, зьліквідаваць ці пакінуць адзіную спэцыяльнасьць, зьвязаную з падрыхтоўкай настаўнікаў роднай мовы і журналістаў — спэцыяльнасьць «Беларуская філялёгія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасьць)». Пра гэта паведамілі ў прыёмнай камісіі ўнівэрсытэту.
Тацьцяна Аляксеева, якая працуе і ў прыёмнай камісіі і на катэдры беларускай літаратуры, распавяла пра сытуацыю: «Ведаеце, усё пад пытаньнем: мы чакаем адказу міністра адукацыі. Як ён вырашыць, так і будзе! А так — чакаем скарачэньня дзьвюх спэцыяльнасьцяў — фізыкі і беларускай філялёгіі. Так што чакаем! І вельмі сумна, што беларуская мова ў нас нікому не патрэбная!»
Летась на беларускую філялёгію набіралі 20 студэнтаў-бюджэтнікаў і 10 платнікаў на дзённае аддзяленьне, а яшчэ 8 бюджэтнікаў і 17 платнікаў — на завочнае. На платныя месцы вялікага попыту няма, на іх не набіраецца ахвотных. На бюджэтныя — штогод бывае конкурс, і прахадны бал — недзе сярэдні па ўнівэрсытэце: на дзённую форму навучаньня летась трэба было набраць 164 балы. Для параўнаньня: на прыкладную матэматыку — 147 балаў, на спэцыяльнасьць «матэматыка і інфарматыка» — 107.
Паводле зьвестак супрацоўніка катэдры беларускай мовы, дацэнта Юрыя Бабіча, трывожныя чуткі пра скасаваньне беларускай філялёгіі ходзяць ужо працяглы час: «Чуткі былі небеспадстаўныя, бо адміністрацыя вырашала, якім чынам скасаваць некалькі дзясяткаў бюджэтных месцаў — за кошт якіх спэцыяльнасьцяў скасаваць. Але наколькі я ведаю, літаральна на працягу некалькіх гадзінаў зьявілася інфармацыя, што пытаньне вырашанае, і вырашанае станоўча! Вялікая барацьба тут ішла, але на цяперашні дзень і момант, наколькі мне вядома, адбіліся. Пакуль трымаемся. Але не магу сказаць, як там далей пойдзе».
Пра імавернасьць захаваньня адзінай і апошняй спэцыяльнасьці па беларускай філялёгіі выкладчыкі гавораць асьцярожна. Бо летась у красавіку яны ўжо перажывалі малапрыемныя пэртурбацыі: тады быў закрыты факультэт беларускай філялёгіі, які некалькі гадоў існаваў асобна. На чатыры месяцы «асірацелыя» катэдры беларускай мовы і беларускай літаратуры замацавалі за гістарычным факультэтам. Паводле інтэрнэт-прэзэнтацыі гэтага факультэту на афіцыйным сайту ВДУ, да яго яны належаць і дагэтуль. Хоць насамрэч абедзьве катэдры ўжо далучаныя да філялягічнага факультэту. Гэткая няўважлівасьць або неахайнасьць у стаўленьні да абітурыентаў, студэнтаў і выкладчыкаў у пэўнай ступені характарызуе і стаўленьне і да беларускай мовы як такой.
Што да абітурыентаў, то конкурс на беларускую мову быў невысокі — трошкі болей, чымся адзін чалавек на месца. Сказаць, што над задачай папулярызацыі спэцыяльнасьці ва ўнівэрсытэце мэтанакіравана працуюць — таксама нельга. Так, сёлета перастала дзейнічаць вочна-завочная школа «Беларуская філялёгія» для вучняў 11 клясаў агульнаадукацыйных школ і гімназіяў, якая займалася падрыхтоўкай і кансультаваньнем ахвотных паступіць у ВДУ.
Зьніжэньнем прэстыжнасьці настаўніцкай працы тлумачыць невысокія конкурсы і недаборы на факультэты Віцебскага ўнівэрсытэту колішні выкладчык факультэту беларускай філялёгіі Сяргей Міхайлаў: «Вядома, калі студэнты адчуваюць сваю незапатрабаванасьць у будучыні, то і набраць іх цяжэй! Калі на дзённым аддзяленьні не набіраецца 200 чалавек, то маюць законнае права факультэт закрыць. Вось у нас сёлета праблема з мастацка-графічным факультэтам — там толькі 196 чалавек. А філялягічны — адзін з найбольш маштабных, там асобна расейская філялёгія, ёсьць рамана-германская філялёгія, людзей паступае шмат, і за колькасьць яны „ня парацца“. Але, я лічу, беларускую філялёгію трэба пакінуць! Гэта ж ня толькі 20 бюджэтных месцаў — гэта дзьве катэдры, мовы і літаратуры, давядзецца скарачаць!»
Беларушчыны ў Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце, які рыхтуе перадусім настаўнікаў для беларускіх школ, з кожным годам усё меншае. Афіцыйны сайт ВНУ ня мае беларускамоўнай вэрсіі, хоць прадубляваны па-ангельску, па-расейску, па-нямецку, па-кітайску і па-арабску. Тут, вядома, разьлік на замежных студэнтаў, якія навучаюцца за грошы.
Унівэрсытэцкая газэта «Мы і час» мае толькі назву на роднай мове: усе артыкулы на інтэрнэт-старонцы выданьня — па-расейску. На расейскай мове працуе і ўнівэрсытэцкае інтэрнэт-тэлебачаньне. На інтэрнэт-старонцы ўнівэрсытэту засталася толькі эмблема зь беларускамоўнай абрэвіятурай «ВДУ».
Крыніца: Радыё Свабода