Панядзелак, 07 Кастрычнік 2024

Навапалачане скардзяцца на недахоп аўтобусаў па маршруце №6, які "захапілі маршруткі"

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

«Рэйсаў мала. У перапоўненым аўтобусе можна задыхнуцца», -- пішуць пасажыры, якім даводзіцца ездзіць па маршруце №5 «Наваполацк-Баравуха-1». Людзі вымушаны звярнуцца ў гарвыканкам, бо іншага выйсця не бачаць. «Маршруткі», якія ездзяць па тым самым маршруце, таксама перапоўненыя, а ў кагосьці на іх проста няма грошай.

«У час пік аўтобусы перапоўнены, што стварае небяспечныя ўмовы падчас руху, павялічвае рызыку траўмавання, стварае дыскамфорт для пасажыраў. Недахоп рэйсавых аўтобусаў вядзе да таго, што людзі могуць атрымаць цеплавы ўдар, асабліва ў летні перыяд. Людзі вымушаны ехаць у небяспечных умовах, у тым ліку пасажыры сталага веку і дзеці», -- гаворыцца ў звароце на імя старшыні Наваполацкага гарвыканкама Ігара Бурмістрава.

Нямала незадавальнення наконт «шасцёркі» можна знайсці і ў сацыяльных сетках. Прыкладам, «ВКонтакте» у групе «Жалоба. Полоцк.Новополоцк» інтэрнэт- карыстальнікі звяртаюць увагу і на тое, што па гэтым маршруце добра наладжаны рух прыватных «маршрутак». І выказваюць меркаванне, што гэтая з'ява мае карупцыйны змест, - што па 6-м маршруце вельмі выгадна «пускаць прыватнікаў», бо пасажырапаток вялікі, а аўтобусы ходзяць рэдка.

Насамрэч, раніцай і надвячоракам №6 ходзіць раз на 40 хвілін, удзень і вечарам – радзей. З гэтай нагоды мясцовыя жыхары напісалі нямала скаргаў на мясцовы аўтапарк. Да прыкладу, на інтэрнэт-рэсурсе www.spr.by наконт працы аўтапарка сёлета размешчаны выключна негатыўныя водгукі. Апошнія падзякі работнікам транспартнай установы датуюцца мінулым годам, а ў гэтым годзе ўсе допісы – выключна адмоўнага зместу. І рэакцыі з боку кіраўніцтва на іх няма аніякай.

Павел Гарадзецкі