Аўторак, 08 Кастрычнік 2024

У Віцебску бракуе дворнікаў. Жыхары скардзяцца на завалы смецця

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Насельнікі шматпавярхоўкі па вуліцы 3-й Суражскай ўжо некалькі месяцаў не могуць дамагчыся, каб са смеццеправода своечасова вывозілі смецце. Яго набіраецца столькі, што адкіды запаўняюць не толькі спецыяльныя прыстасаванні, але і памяшканне, у якім знаходзяцца, і тэрыторыю каля пад'езда. У службаў ЖКГ тлумачэнне адно: няма людзей,каб своечасова прыбіраць.

На першых паверхах жыць невыносна- існаванне мясцовым жыхарам атручвае непрыемны пах. Да раскіданых адкідаў перыядычна збіраюцца бадзяжныя сабакі, што стварае дадтковую праблему. Мясцовыя насельнікі некалькі разоў уласнымі сіламі разграбалі завалы смецця, але яны хацелі б, каб усё было па правілах – каб смецце вывозілі спецыяльныя службы, прычым тройчы на тыдзень, як належыць.

З гэтым пытаннем людзі звярнуліся ў выканкам Кастрычніцкага раёна. Але не атрымалі «ни ответа ни привета», як сказалі  карэспандэнту мясцовага тэлебачання. Дарэчы, пасля звароту ў прэсу камунальнікі прыбралі звалку. Але ўсяго адзін раз, далей сітуацыя паўтарылася і паўтараецца бясконца.

Юрый Новікаў, начальнік ЖЭУ №24, патлумачыў яе тым, што «работнікі занятыя на ўборцы лісця», і што іх у прынцыпе не хапае.

ЖЭУ №24 сапраўды шукае работнікаў, але з незразумелымі ўмовамі. На сайце вакансій паведамляецца, што патрэбныя дворнікі на поўную занятасць, але не ўказаны памер заробкаў. Ахвотным для ўдакладнення дэталяў прапануюць звяртацца непасрэдна да працадаўцы.

Сітуацыя з дэфіцытам дворнікаў існуе не толькі ў Кастрычніцкім раёне абласнога цэнтра. У Першамайскім, да прыкладу, адкрыты 20 вакансій «прыбіральшчыкаў тэрыторыі». Прапанаваны заробак - 626–648 руб. Зусім не шмат за штодзённую цяжкую фізічную працу.

Марыя Бешкава