Панядзелак, 23 Верасень 2024

На Лёзненшчыне квітнее хабарніцтва і расце колькасць махлярстваў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэта вымушана прызнаць раённая пракуратура пры падсумаванні вынікаў працы за першае паўгоддзе бягучага года. Паводле Пракурора Лёзненскага раёна Аляксея Бузікава, у рэгіёне павялічылася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, бо было выяўлена адразу некалькі крымінальных выпадкаў, якія падпадаюць пад арт. 430 Крымінальнага Кодэкса (хабарніцтва). У параўнанні з такім самым перыялам мінулага года (19) колькасць выяўленых выпадкаў хабарніцтва ўзрасла больш як у два разы (39).

Цытуючы статыстыку, апублікаваную ў раённай газеце «Сцяг перамогі», пракурор раёна не канкрэтызуе сутнасць злачынстваў і не называе прозвішчы асуджаных. Між тым, гэта людзі, якія займалі ў раёне досыць значныя пасады. Але іх правіны прынята замоўчваць, нават калі гэта дзяржаўныя чыноўнікі. Прыкладам, у судзе Оршы і Аршанскага раёна 13 верасня распачаўся суд над намесніцай старшыні Талачынскага райвыканкама. Іну Галубкову судзяць за атрыманне хабару і перавышэнне службовых паўнамоцтваў, але ад жыхароў раёна і вобласці дагэтуль хаваюць нават сам факт затрымання чыноўніцы.

Паралельна з гэтым Лёзненская пракуратура выявіла недастатковую працу ва ўстановах і арганізацыях, накіраваную на забеспячэнне выканання антыкарупцыйнага заканадаўства.

Пракурор Лёзненскага раёна канстатуе, што не было выяўлена ніводнага злачынства экстрэмісцкай накіраванасці, зменшылася рэцыдыўная злачыннасць, колькасць крадзяжоў, і злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап'янення.

Аднак болей чым у тры разы ( з 3 да 10 выпадкаў) вырасла колькасць махлярстваў з выкрыстаннем лічбавых тэхналогій. Прычым Аляксей Бузікаў не канкрэтызуе, якая колькасць раскрытых злачынстваў у гэтай сферы. Таксама Лёзненская раённая пракуратура адзначае рост злачннасці, звязанай з незаконным абаротам наркатычных рэчываў ( з 2 выпадкаў да 5).

Алег Іваніцкі