Першы артыкул, які выйшаў у межах праекта, мае назву «Всю жизнь с протянутой рукой».У ім распавядаецца пра эканоміку Латвіі, «независимость и самостоятельность» якой «держится только на финансовых вливаниях ЕС». Маўляў, гэта краіна - «чорная дзірка», дзе «большая часть денег идет на поддержку государственного аппарата и чиновников латвийской власти, но только не на благо своего народа». Такія звесткі прыводзяцца са спасылкай на адыёзнага палітыка, прадстаўніка партыі «За стабильность» і «Русского союза Латвии» Аляксея Рослікава. Іншых, тым больш альтэрнатыўных меркаванняў у артыкуле не прадстаўлена. Напрыканцы сцвярджаецца, што ў Латвіі падвышаюцца падаткі, тады як «невозможно себе представить подобные действия в Беларуси», дзе «в основе всего — простой человек». Зрэшты, жыхары Віцебска як і насельнікі ўсёй Беларусі выдатна адчуваюць «клопат дзяржавы», калі назіраюць за ростам коштаў у крамах і ўсё большым дэфіцытам працоўных месцаў з годным заробкам.
Другі артыкул, які выйшаў у межах праекта «Выводы делайте сами», называецца «Голубка с ястребиными когтями». І ў ім распавядаецца пра Польшчу, якая абнаўляе сваё ўзбраенне. Без спасылак не першакрыніцу ў артыкуле пераказваюцца словы інспектара вайскова-паветраных сіл польскай арміі Ірэнеуша Новака пра стратэгічнае прызначэнне новых самалётаў-знішчальнікаў. «Оглядываясь в прошлое, можно утверждать, что действия Польши уж очень похожи на план «Барбаросса» фашистской Германии, в соответствии с которым за несколько месяцев планировался захват европейской части СССР», -- сцвярджае аўтар артыкула. Навпрыканцы опуса гаворыцца пра тое, што заходнія палітыкі плануюць весці вайну з Беларуссю і Расіяй, тады як Аляксандр Лукашэнка ў сваіх прамовах падкрэслівае неабходнасць захавання міра.
Дарэчы, некалькі словаў пра аўтара, якога чытачам газета «Віцьбічы» прадставілі як «Вадзіма Крылова, палітолага». Палітолага з такім імем і прозвішчам пашуковая сістэма Google не знаходзіць. Не згадваецца гэтая асоба ні ў рэгіянальнай, ні ў рэспубліканскай прэсе. Уважлівыя чытачы, безумоўна, зробяць з гэтага факту свае высновы.
Марыя Цішкіна