Чацвер, 12 Верасень 2024

За атрыманне хабару і перавышэнне службовых паўнамоцтваў судзяць намесніцу старшыні Талачынскага райвыканкама

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

І судзяць Іну Галубкову не там, дзе яна працавала, а ў судзе Оршы і Аршанскага раёна. Суд над ёй распачаўся 22 жніўня, працяг адбыўся 11 верасня. Разбірае справу суддзя Юлія Хаткевіч. Сёлета ў пачатку лютага Telegram-канал «Чуткі Віцебска» паведаміў, што Галубкову «вывелі з кабінета ў кайданках» за атрыманне хабару ў памеры 3 000 рублёў. Чуткі, падобна, пацвердзіліся.

У складзе ўладнай вертыкалі на пасадзе намесніцы кіраўніка раёна 52-гадовая чыноўніца працавала больш за 10 гадоў. Таксама яна кіравала рэгіянальнай структурай "Беларускага саюзу жанчын", была дэпутаткай абласнога савета мінулага склікання. Паводле мясцовых дзяржаўных СМІ, Галубкова рэгулярна выступала перад школьнікамі і ў працоўных калектывах рэгіёна, удзельнічала ў мясцовых ідэалагічных мерапрыемствах, у 2021-м яе дэлегавалі на Усебеларускі народны сход.

Паводле санкцый артыкулаў «атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры » (ч. 3 арт. 430 КК) і «перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў» (ч. 3 арт. 426 КК) чыноўніцы пагражае ад 5 да 15 гадоў зняволення.

Марына Ахрэмава