Чацвер, 19 Сакавік 2015

На Віцебшчыне зноў раздаюць імпэрскую сымболіку: цяпер замест расейскіх – сьцягі СССР

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Акцыя прыхільнікаў адраджэньня імпэрыі адбылася ў Віцебску. Як паведаміла ініцыятыва «Мая краіна Беларусь», у Віцебску невядомыя каля гандлёвага цэнтру «Эвіком» мінакам раздавалі сьцяжкі СССР і ўлёткі.

Аналягічная акцыя імпэрцаў прайшла і ў Воршы. Пра тое, як жыхарам гораду прапанавалі купіць сьцягі Савецкага Саюзу, паведаміў сайту charter97.org адзін з чытачоў:

«На ажыўленым скрыжаваньні ў Воршы ля гарадзкога рынку малады хлопец зладзіў бойкі гандаль сымболікай былога СССР. Карыстаючыся тым, што машынам на «чырвоным» у гэтым месцы прыходзіцца прастойваць па 40-50 секунд, за зьмену сьветлафору ён пасьпяваў рэалізаваць 3-4 вырабы. Як потым высьветлілася, кошт сьцяжка быў роўны 20 тысячам рублёў. Прыняўшы мяне спачатку за свайго прыхільніка, хлопец спрабаваў нават пазіраваць перад камэрай. Аднак, пачуўшы мае прэтэнзіі да сваіх дзеяньняў, па легендзе «закасіў» пад нямога, паціскаючы плячыма і паказваючы паперку, велічынёй з цукерачны фанцік, дзе было напісана, што менавіта ён прадае і па чым, гэтакі цэньнік зь вітрыны. Цікава, што на маё папярэджаньне патэлефанаваць у міліцыю ён усё ж адрэагаваў, як толькі я схаваўся за брамай рынку», – піша ён.

Міліцыя ніяк не адрэагавала на распаўсюд незарэгістраванай сімволікі: «Убачыўшы таго самага хлопца на тым самым месцы з тымі самымі сьцяжкамі праз 5 гадзін, я ня надта зьдзівіўся. Прыехаўшы дадому, усё ж набраў 102. Паводле адказу дзяжурнага, зразумеў, што мая навіна для іх ужо не навіна. А яшчэ з вуснаў дзяжурнага атрымаў адказ, што ніякіх законаў (г.зн. ні ПДР, ні падатковага заканадаўства, ні якіх-небудзь іншых) гэты чалавек не парушае. І наогул ён нямы. Я так зразумеў, значыць, ня можа лаяцца матам. А таму і прыцягнуць яго няма за што», – піша чытач.

Нагадаем, раней неаднаразова паведамлялася пра раздачу на вуліцах населеных пунктаў Беларусі сьцягоў Расеі. Раздачу сьцягоў арганізуюць прарасейскія арганізацыі, якія дзейнічаюць у Беларусі.

Паводле svaboda.org і charter97.org