Пятніца, 07 Красавік 2023

У Паставах праслаўляюць казацкі рух

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У выставачнай зале пастаўскага раённага музея ў палацы Тызенгаўзаў адкрылася выстава, прысвечаная гісторыі пастаўскага казацкага руху. Піша сайт postawy.by.

Ідэя гэтай выставы належыць былой дырэктаркі музея Раісе Курачэнцы. Раіса Курачэнка ў Паставах вядомая яшчэ як  этнічная расейка, якая паўсюль прасоўвае ідэалогію "русского мира".

Як піша сайт мясцовай раёнкі, яна звярнулася да вайсковага старшыні Пастаўскага казацкага аддзела (аказваецца, ёсць такі аддзел у Паставах) Аляксандра Зазуліна з прапановай паказаць сваю дзейнасць. Праўда, якая дзейнасць так званых казакоў у невялікіх гарадах – хіба што  бутафорыя і паказуха.

На выставе ў Паставах так званыя казакі прадставілі наступныя экспанаты – палявую і парадную казацкую форму і пагоны, шашку, нагайку і медалі, якія атрымалі члены Пастаўскага казацкага аддзела, сцяг, фотаздымкі, тэксты прысягі і гімна.

Як піша сайт postawy.by, на выставу прышлі не толькі школьнікі і ваеннаслужачыя (якіх звычайна водзяць па разнарадцы), але і мясцовыя чыноўнікі на чале з намеснікам старшыні Пастаўскага райвыканкама Станіславам Чымбургам разам з ідэолагамі і прадстаўнікамі раённага савета ветэранаў і Чырвонага Крыжа. Відаць, таксама не без асаблівага задавальнення, але ж трэба зараз паказваць лаяльнасць да акупацыйнай улады, што зробіш, пасады такія.

Падчас выставы навуковы супрацоўнік музея Дзмітрый Васільеў зладзіў нават экскурсію. Ён распавёў, адкуль узяліся ў Паставах так званыя казакі, але наўрад ці была агучаная дакладная версія з’яўлення на Беларусі так званага казацтва і ці адпавядае наяўнасць казацтва сапраўднай гісторыі Беларусі, і якую важную ролю казакі ў ёй адыгралі.

Як піша сайт раёнкі, Дзмітрый Васільеў падрабязна распавёў пра ўсе экспанаты, супрацоўніцтва казакаў з царквой, раённым аддзелам унутраных спраў, аддзелам адукацыі горада па ахове так званага грамадскага правапарадку ў будныя дні, падчас правядзення культурна-масавых і палітычных мерапрыемстваў, патрыятычным выхаванні моладзі.

Вось, аказваецца, для чаго ў Паставах існуюць так званыя казакі і якая іх галоўная роля ў жыцці мясцовай супольнасці.

Сяргей Азёрны