У аб’явах пералічваюцца правапарушэньні, якія ўмоўны віцебскі мінак нібыта можа зьдзейсьніць у парку. А таксама артыкулы, паводле якіх прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць за такія дзеяньні, як непрыстойныя паводзіны, нецэнзурная лаянка ў грамадзкім месцы, расьпіцьцё сьпіртовых напояў, зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. Яшчэ напісана пра забарону купацца ў месцах, для гэтага адмыслова не прызначаных, і пра забарону засьмечваць вадаёмы і водаахоўныя зоны…
Міліцыя забылася напісаць, што таксама нельга парушаць правілы “Парадку добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў”, сама іх парушаючы, мяркуе праваабаронца Павал Левінаў:
“Відавочнае парушэньне часткі 2 артыкулу 21.14 Кодэксу РБ аб адміністрацыйных правапарушэньнях. У аб’яве пазначана: “Аддзел унутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну гораду Віцебску інфармуе”. А тое, што аб’яву паклалі ў празрысты “файлік” і прыматалі скотчам – нібыта яна стала выглядаць “культурна”, становішча не ратуе. Паводле правілаў разьмяшчэньня аб’яваў ды іншых абвестак, для гэтага існуюць адмысловыя месцы – стэнды або дошкі”.
За разьмяшчэньне аб’яваў у неналежных месцах прадугледжаныя штрафы. І міліцыя, парушаючы патрабаваньні заканадаўства, нярэдка складае адміністрацыйныя пратаколы на іншых за падобныя дзеяньні. Прыкладам, актывіста зь Мікашэвічаў Віталя Каліноўскага аштрафавалі на 3 базавыя велічыні за распаўсюд улётак пра палітычных вязьняў – на яго якраз і склалі пратакол на падставе часткі 2 артыкулу 21.14 Кодэксу РБ аб адміністрацыйных правапарушэньнях, а таксама паводле пункту 17 Пастановы Савету Міністраў РБ №10/87 ад 28.12.2012 году. Крыху раней падобны выпадак адбыўся ў Наваполацку, дзе моладзевага актывіста Зьмітра Дзякава аштрафавалі на 20 базавых велічынь за вывешаную на плоце сквэру расьцяжку зь літарамі “БХД”.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"