Пэнсіянэрка зьдзіўляецца, чаму кошт збольшага касмэтычных работ у пад’езьдзе чатырохпавярховіку, збудаванага больш за 50 гадоў таму, гэткі вялікі. Дый не хацелі жыхары, паводле яе слоў, сьпяшацца з рамонтам пад’езду.
«На пачатку вясны работнікі ЖЭУ арганізавалі сход жыхароў нашага пад’езду, - распавяла Жанна Ціханенка. - Паставілі ўсіх перад фактам, што будзе рамонт і неабходна падпісаць адпаведную дамову. З 16 кватэраў былі прадстаўнікі далёка ня ўсіх, а дакумэнты пагадзіліся падпісаць ня больш як трое жыхароў. Я адмовілася. Але работы распачаліся амаль адразу - пад’езд абтынкавалі і пафарбавалі літаральна за тыдзень. Пасьля прыйшло паведамленьне, што мне трэба заплаціць за ўсё гэта 2 мільёны рублёў, а агульны каштарысны кошт рамонту - амаль 20 мільёнаў. Ці не занадта дорага для нашага маленькага пад’езду? Плаціць не хачу, але работнікі ЖКГ паабяцалі спаганяць грошы пры аплаце камунальных паслуг. Чаму так?»
Начальнік аддзелу жыльлёвай гаспадаркі ўпраўленьня ЖКГ аблвыканкаму Натальля Сялюк патлумачыла, што полацкія камунальнікі робяць слушна. На Віцебшчыне дзейнічае абласная праграма па навядзеньні парадку ў пад’ездах, згодна зь якой сёлета заплянавана адрамантаваць 2623 месцы агульнага карыстаньня. Столькі пад’ездаў у дрэнным стане камунальнікі выявілі падчас штогадовых восеньскіх і вясновых аглядаў. Паводле слоў спэцыяліста, падставай для прыняцьця рашэньня пра бягучы рамонт зьяўляецца, перш за ўсё, нездавальняючы тэхнічны стан месцаў агульнага карыстаньня, наяўнасьць дэфэктаў аздобнага пакрыцьця, а таксама рашэньне саміх жыхароў. Аб’ём рамонту вызначаецца дэфэктным актам, прычым магчыма і лякальнае правядзеньне работ, напрыклад, на нейкім адным паверсе (пры ўмове, што іншыя лесьвічныя клеткі ў здавальняючым стане). Выбар матэрыялаў аздабленьня і каляровага выкананьня залежыць ад жаданьня жыхароў, для гэтага камунальнікі і ладзяць сходы. Зрэшты, калі дамовіцца не атрымаецца, то пад’езд адрамантуюць ў ранейшым стылі. Усе работы праводзяцца на падставе тыпавой дамовы на аказаньне паслуг па бягучым рамонце жылога дому.
Што тычыцца аплаты, то паводле абноўленага Жыльлёвага кодэксу Рэспублікі Беларусь, выдаткі па эксплёатацыі агульнай маёмасьці цяпер кампэнсуюць уласьнікі (наймальнікі) жытла, канкрэтны пералік відаў работ і парадак аплаты рэглямэнтуюцца ў пастанове Міністэрства ЖКГ №12 ад 4 чэрвеня 2014 году.
«Варта адзначыць, што згодна з артыкулам 29 Жыльлёвага кодэксу адмова жыхароў ад заключэньня дамовы не вызваляе іх ад унясеньня платы за фактычна аказаныя паслугі, - падкрэсьлівае Натальля Сялюк. - Пры гэтым работнікі ЖКГ павінны загадзя інфармаваць пра плянаваныя тэрміны рамонту, асноўныя віды і іх кошт. Каштарысы складаюцца па канкрэтных нарматывах, якія кантралююцца. Важнай умовай зьяўляецца тое, што рамонт пад’езду як паслуга ня можа быць для падразьдзяленьняў ЖКГ рэнтабэльнай. То бок жыхары аплачваюць непасрэдна выдаткі. Памер платы за рамонт вылічаецца ў долях, адпаведных агульнай плошчы кватэраў. Большая плошча - большая плата. Магчымая невялікая растэрміноўка для тых, хто заключыў дамову».
Характэрна, што і самі жыхары могуць займацца рамонтам пад’ездаў, але, як паказвае практыка, здараецца гэта пакуль рэдка - людзі папросту ня могуць дамовіцца. Што тычыцца пэрыядычнасьці рамонтаў пад’ездаў, то, на думку спэцыялістаў ЖКГ, пры клапатлівым стаўленьні жыхароў бягучы рамонт месцаў агульнага карыстаньня наўрад ці патрэбен часьцей, чымся раз на дзесяць гадоў. Але гэта ў ідэале. Рэальнае жыцьцё дыктуе свае ўмовы. Больш за ўсё праблем у шматкватэрных дамах, дзе нярэдкія выпадкі вандалізму. Іх жыхарам цяпер варта ашчадна ставіцца да свайго пад’езду, дый зьвяртаць увагу на староньніх. Бо пры паломцы таго ж сьмецьцеправоду або зьяўленьні графіці на сьценах ўсе выправяць адмыслоўцы ЖЭУ, а вось кампэнсаваць кошт работ прыйдзецца жыхарам або вінаватым. Калі такіх, вядома, знойдзе міліцыя.
У той самы час Натальля Сялюк падкрэсьлівае, што на плечы ўласьнікаў (наймальнікаў) жытла сёньня ўскладзеная толькі невялікая доля рамонтных работ у доме, па сутнасьці, толькі ў пад’ездах. Капітальны рамонт, добраўпарадкаваньне прыдамавой тэрыторыі па-ранейшаму ў асноўным выконваюцца за бюджэтныя датацыі, памеры якіх, на жаль, не растуць, у адрозьненьне ад цэнаў на матэрыялы.
Ну а што з сытуацыяй у Полацку? Высьветлілася, што замоўцам рамонтных работ зьяўляецца КУП «ЖКГ г. Полацку». Намесьнік дырэктара прадпрыемства Канстанцін Лагун растлумачыў, што каштарысны кошт работ у пад’езьдзе, якую агучыла пэнсіянэрка, насамрэч быў толькі папярэднім. Цяпер ён перагледжаны ў меншы бок і складзе каля 500-600 тысяч рублёў з кватэры. Таксама Канстанцін Лагун супакоіў іншых жыхароў, чые пад’езды сёлета трапілі ў гадавую праграму рамонтаў. Паводле яго слоў, наўрад ці камусьці прыйдзецца заплаціць за гэта больш за 1 мільён рублёў.
Крыніца: Витебские вести