Зьміцер Дзякаў ніколі не хаваў, што расьцяжку “Свабоду палітвязьням” на вуліцы Ленінградзкай у Віцебску вывесіў ён – інфармацыя пра гэта 14 траўня шырока разышлася па інтэрнэт-сайтах. Але яго зьбянтэжыў падыход міліцыянтаў да гэтай справы.
“Зьміцер патэлефанаваў 26 чэрвеня і сказаў, што яго зьбіраюцца апытаць у якасьці сьведкі правапарушэньня. І што яму паказалі раздрукоўкі з інтэрнэту, дзе напісана, што сьцяг вывесіў ён. Чаму сьведкі? Навошта было прыходзіць дахаты, калі можна выклікаць у пастарунак афіцыйна – позвай? Зьміцер сказаў, што ён адмовіўся адказваць на пытаньні, спаслаўшыся на права не сьведчыць супраць сябе, гарантаванае 27-м артыкулам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”, — распавёў Павал Левінаў.
19 траўня Зьміцер Дзякаў быў пакараны штрафам памерам 20 базавых велічынь за расьцяжку зь літарамі “БХД”, вывешаную ў Наваполацку. Аштрафавалі яго проста ў міліцыі, прызнаўшы вінаватым паводле адміністрацыйнага артыкулу 21.14, часткі 1 за парушэньне “Правіл добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь”. Пастанову пра штраф памерам 20 базавых велічынь (3 мільёны 600 тысяч рублёў) вынес начальнік Наваполацкага гарадзкога аддзелу міліцыі Дзьмітры Разянкоў.
Празь некалькі дзен штрафамі пакаралі і дваіх сяброў Зьмітра – міліцыя палічыла, што расьцяжку яны вывесілі ўсе ўтрох. Зьміцер Дзякаў спрабаваў аспрэчыць прысуджаны штраф, але безвынікова.
Паводле spring96.org