«Мы знойдзем час, каб вам гэта прачытаць і, адпаведна, зафіксаваць, што вы азнаёміліся. Можаце подпісы не ставіць. Але ў выпадку якіх, не дай бог, нюансаў, будзе зафіксавана, што вы подпіс не паставілі, а гэта ўжо будзе не зусім добра выглядаць, асабліва калі выпадкам нам трэба будзе даваць на вас характарыстыку. Таму падумайце, калі ласка, над гэтым пытаннем», – кажа адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту падчас адмысловай сустрэчы са студэнцкай групай.
Паводле інфармацыі аўтараў аўдыё, у сустрэчы бралі ўдзел дэкан інжынерна-будаўнічага факультэту ПДУ Аляксандр Бакатовіч і асістэнт кафедры будаўнічых канструкцый Артур Гіль.
«Ёсць два варыянты. Альбо вы прачыталі самі – і распісаліся, альбо Артур Іванавіч вам зачытвае, і папера складаецца, што вы азнаёмленыя, але ўжо без вашага аўтографа. Але ў выпадку чаго – потым не крыўдзіцеся. Ну, рашэнне якое?..» – пытаецца на сустрэчы дэкан.
Студэнты адмовіліся ад абодвух варыянтаў.
«Проста мы не разумеем, у чым пытанне нежадання паставіць подпіс, што вы азнаёмленыя. За 10 гадзін пропускаў усе ж азнаёміліся і распісаліся. У чым адрозненні тут?.. Гэта не загад, гэта проста, каб мы ведалі, што вы ў курсе», – тлумачаць выкладчыкі.
На пытанне студэнтаў, навошта яны павінны гэта рабіць, гучыць адказ: «Таму што нам зверху, атрымліваецца, гэта далі».
На заўвагу аднаго са студэнтаў, што гэта палітыка, выкладчыкі зазначаюць, што «справа не ў палітыцы, а ў дысцыпліне паводзінаў».
«Пры чым тут палітыка? Што, масавыя мерапрыемствы звязаныя з палітычнымі матывамі нейкімі ці што? Вы самі пачынаеце накручваць сітуацыю. Проста пачытайце, дзе можна, дзе нельга і як гэта ўсё робіцца…» – кажа адзін з іх.
«А дзе можна?» – гучыць рытарычнае пытанне з аўдыторыі. «Дзе не забаронена, там можна», – адказваюць супрацоўнікі ПДУ.
Студэнты не паставілі подпісы пад паперай. Але тэкст артыкулу выкладчыкі пакінулі ў аўдыторыі.
Нагадаем, летась і студэнты, і выкладчыкі ПДУ выступалі супраць беззаконня і гвалту ў дачыненні мірных грамадзян у краіне. 8 сакавіка студэнты ПДУ ўзялі ўдзел у флэш-мобе салідарнасці «На што ты здольны дзеля мары?» – і пастрыгліся нагала.
Зміцер Міраш