Нядзеля, 02 Ліпень 2017

Віцяблянка паверыла расейскаму TV: змарнавала $120 000 і ледзь ня скончыла самагубствам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Людміла Германава Людміла Германава Фота: Ігар Мацьвееў, tut.by

«Я прайшла праз усё гэтае пекла. І вырвалася. Цяпер хачу перасьцерагчы іншых, каб не траплялі ў сеціва махляроў», – кажа Людміла Германава. Жанчына стала ахвярай расейскіх тэлеэкстрасэнсаў – пералічыла ім 120 тысяч даляраў. Цяпер у пазыках, прадае кватэру і машыну, каб разьлічыцца зь людзьмі.

Людміла распавяла, як трапіла на кручок да фальшывых лекараў і як спрабуе дамагчыся для іх пакараньня.

– Мне ня сорамна пра гэта распавядаць, хоць некаторыя глядзяць на мяне, як на вар'ятку. Пытаюцца: «Ну як вы маглі пераслаць такую суму невядома каму?» Ніхто не разумее, што я гэта рабіла як пад наркозам, як у трызьненьні. Але цяпер я вызвалілася ад уплыву экстрасэнсаў і хачу ня толькі вярнуць свае грошы, але і дамагчыся, каб гэтыя ашуканцы перасталі вяшчаць з экрану і дурыць людзей, – кажа Людміла Германава.

Жанчыне – 54 гады, яна ўладальніца аўтабізнэсу ў Віцебску, у мінулым мэдык. Выглядае цалкам адэкватным і разважлівым чалавекам. Як паддалася на хітрыкі «вешчуноў лёсаў» з тэлеэкрану, цяпер і сама не разумее. Кажа, што ўсё пачалося з жаданьня вылечыць хворага бацьку:

– Мае бацькі ў дзяцінстве прайшлі Асьвенцім. У таты артрыт, такія моцныя болі, што крычыць. А ты хочаш яму дапамагчы і ня можаш... Мама неяк паглядзела перадачу «Магнэтызм» на кабельным спадарожнікавым канале «Нано» і кажа: «Дачушка, патэлефануй». Я і ўключыла гэты канал на сваю бяду. Выступае на ім Надзея Сьцяпанава. Кажа, што яна празорлівая, што лечыць травой і біяэнэргетыкай, што ў яе на «падсілкоўваньні» Ўладзімер Жырыноўскі і іншыя расейскія палітыкі. Пераконвае, што працуе з адным зь вядомых манастыроў у Расеі – Троіца-Сергіевай лаўрай. «Ежджу туды і малюся за ўсіх вас гадзінамі», – запэўнівае гледачоў Сьцяпанава. На ўсё гэта я і купілася.

Першы раз жанчына патэлефанавала на перадачу ў сакавіку 2016 году. Званок быў бясплатны. Яе выслухаў памочнік празорцы. Людміла падзялілася, што ў яе моцна хварэе бацька.

– Мінае паўгадзіны, і тэлефануе Сьцяпанава. Кажа: «Праблема ня толькі ў вашага бацькі, але і ў дзяцей, і ў вас самой. На сям'ю навялі псуту. Але я вам дапамагу. Запісвайце рэцэпт травы, і ваш тата праз тыдзень пабяжыць». Я запісала. Накупіла мех гэтых зёлак: рамонак, календула... Гэта цяпер мне сьмешна: хіба ад болю ў касьцях яны дапамогуць? Але тады я не разумела нічога, настолькі прафэсійна «лекары» дураць галаву.

На наступны дзень Людміла, з парады Сьцяпанавай, паставіла перад тэлевізарам літровы слоік з вадой і запаліла сьвечку. Пачаўся «лячэбны» сэанс.

– І ўсё – ты як быццам губляеш прытомнасьць. Празорца з табой размаўляе, ты трымаеш слухаўку і засынаеш, – успамінае Людміла. – Што было потым, ня памятаю, але, напэўна, у сьне я расказала пра сябе шматлікія падрабязнасьці, у тым ліку, найхутчэй, паведаміла і адрас. Бо потым «чараўнікі» апісвалі, як выглядаюць мой дом і яго навакольлі. Як пазьней мне патлумачылі ў шпіталі, тэлеэкстрасэнсы ўжываюць некалькі відаў гіпнозу, валодаюць рознымі мэтодыкамі ўплыву на псыхіку.

Пасьля першага сэансу жыцьцё Людмілы Германавай, паводле яе прызнаньня, ператварылася ў кашмар. Памочнікі празорцы запатрабавалі заплаціць 500 даляраў – нібыта за праведзеную дыягностыку здароўя.

– Я адправіла першы перавод. Далей – больш. Кожнай раніцы мне «чысьцілі каналы». Я гадзіну ці нават больш ляжала з тэлефонам ля вуха, а пасьля гэтага на патрабаваньне экстрасэнсаў ішла і адпраўляла ім усё новыя і новыя сумы – за абрады. За 8 месяцаў аддала ўвесь свой ашчадак, а пасьля стала браць у пазыку – у сваякоў, суседзяў і знаёмых. Пляменьнік, прыкладам, зьняў у банку 7,5 тысячы даляраў. Прыдумвала розныя прычыны. Людзі пазычалі мне, бо ведалі, што я сумленны чалавек – аддам.

За ўсё жанчына адправіла шаптусе Сьцяпанавай і яе памочнікам 38 пераводаў – для зьняцьця псуты са сваёй сям'і. Сумы ў плацёжках былі розныя – ад 500 да 7 тысяч даляраў. Адзін сэанс каштаваў 960 даляраў. Усяго расейскія «тэлемагі» атрымалі ад віцяблянкі больш за 102 тысячы даляраў і звыш 438 тысяч расейскіх рублёў.

Людміла цяпер вінная 19 людзям. Каб разьлічыцца зь імі, яна выставіла на продаж 4-пакаёвую кватэру, гараж і машыну.

– Людміла, прабачце, але я таксама не ўстрымаюся ад пытаньня: як вы маглі гэтак лёгка пераводзіць вялікія сумы грошай незнаёмым людзям у іншай краіне?

– Плаціла, бо яны пагражалі. Размаўлялі груба, прыкладна так: «Калі ты, с...а, не дашлеш гэтыя грошы ці каму-небудзь скажаш пра нашы зносіны, то заўтра ўсе ў тваёй сям'і здохнуць!» Я баялася за жыцьцё блізкіх і плаціла. Размаўляла са мной ня толькі Сьцяпанава, але і іншыя зь яе каманды.

Людміла пералічвае імёны тых, хто, паводле яе словаў, ёй пагражаў. А потым, сьцьвярджае жанчына, яе пачалі схіляць да самагубства.

– Высмакталі гэтыя 120 тысяч даляраў, зразумелі, што больш браць няма чаго, і ў сьнежні, пад Новы год, пачалі замбаваць: «Дзеля дабра сям'і табе трэба памерці. Гэтым ты прынясеш шчасьце нашчадкам да 12-га калена». Адразу ўнушалі, што трэба павесіцца. Вазьмі, маўляў, вяроўку і ідзі. Я ўзяла, пайшла ў цяпліцу, закінула пятлю. Потым мяне нібы нешта ахінула. Адкінула тэлефон, перажагналася і прашу: «Госпадзе, ратуй маю душу, дай мне розуму!» Колькі часу я правяла ў цяпліцы, ня ведаю... Памятаю толькі, што быў мароз, а я ўсё сядзела і ачуньвала.

Не пасьпела жанчына ачуняць ад першай спробы суіцыду, як «чарадзеі» пачалі ўнушаць: трэба саскочыць з даху 14-павярховага дому.

– Вось пагутарыш зь імі – і цягне пайсьці да гэтага дому. І аднойчы я туды пайшла. Па дарозе яны літаральна ўгаворвалі: «Трэба, Пятроўначка, трэба саскочыць». Калі падышла да гмаху, у мяне ўдакладнілі: «Ты ўжо там? Ну зрабі яшчэ крок – і ты ў раі». Мяне спыніла думка: а на каго я пакіну старэнькіх бацькоў, дзяцей, мужа? Тата і мама і так пацярпелі – пакуль я бегала і шукала грошы для «лекараў», зусім ня надавала ім увагі.

Людміла дужа схуднела, перастала спаць, у яе зашкальваў ціск. Аднойчы, пасьля размовы зь «лекарамі», жанчына страціла прытомнасьць.

– Мяне выратаваў муж. Прыехаў дадому, бачыць, што я ляжу, як паралізаваная. Ён мяне на рукі – і адвёз у шпіталь. Ляжу на каталцы, а экстрасэнсы зноў патрабуюць грошай, гэта па гучнай сувязі чуў лекар. Ён мне параіў адключыць тэлефон. У шпіталі я ўзгадала, што ўсе квітанцыі па пераводах хавала пад 500-літровым акварыюмам.

Лекары адкачалі мяне за тыдзень, а потым я яшчэ 2,5 месяца знаходзілася на дзённым стацыянары псыхіятрычнага аддзяленьня. І гэта я яшчэ лёгка адкараскалася: выкладчыца ўнівэрсытэту з Полацку, якая адна выхоўвае сына, хворага на ДЦП, патэлефанавала гэтым «чараўнікам», дык яны яе ня толькі абабралі – жанчына засталася без кватэры, але і ледзь не давялі да вар'яцтва – яна паўгода ляжала ў закрытым аддзяленьні псыхіятрычнага шпіталя.

– А як да здарэньня ставяцца вашы сваякі і пазычальнікі?

– Сям'я мяне вельмі падтрымлівае. Муж сказаў: «Пакрыху аддамо ўсе даўгі». Мы зь ім абышлі ўсіх пазычальнікаў і паведамілі ім, што прадаём маёмасьць і нерухомасьць. Усе разумеюць нас. Мне кажуць: «Дзякуй Богу, што ты, Людміла, засталася пасьля ўсяго гэтага жывая».

– Вы спрабавалі неяк вярнуць грошы?

– Вядома! Але калі я стала патрабаваць грошы назад і казаць, што знайду на іх управу, Сьцяпанава мне сказала: «Ты нам нічога ня зробіш». Я напісала заяву ў міліцыю. Мне параілі выкінуць сім-картку і забыць пра гэтую гісторыю. Куды я толькі ні зьвярталася – і ў пракуратуру, і ў МУС, і ў Сьледчы камітэт. Але адусюль прыходзіць адзін адказ: у распачынаньні крымінальнай справы адмоўлена, няма складу злачынства. Але як жа няма, калі група асобаў – а ўсе іх прозьвішчы я маю – пагражала мне і маім блізкім, калі мяне даводзілі да самагубства, калі вымагалі грошы?!

Першамайскі РАУС Віцебску зрабіў праверку па фактах, выкладзеным Людмілай Германавай у заяве. У выніку там прыйшлі да высновы, што «ў дзеяньнях нявысьветленай асобы фармальна ўгледжваецца склад злачынства, прадугледжанага арт. 209 КК (махлярства)». Аднак крымінальную справу беларускія праваахоўнікі распачаць ня могуць, бо «атрыманьне грашовых сродкаў нявысьветленай асобай адбылося на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, г. Масква».

Паводле Людмілы, «тэлемагі» працягваюць тэлефанаваць ёй аж дагэтуль. Але яна ўжо не бярэ слухаўку. Сім-картку жанчына мяняць не хоча. Кажа, гэта прынцыпова.

– Я зразумела, што міліцыя мне не дапаможа. Хоць ёсьць магчымасьць запісу тэлефанаваньняў ад экстрасэнсаў. У мяне таксама ёсьць банкаўскія пераводы з прозьвішчамі тых, хто атрымліваў грошы, ёсьць раздрукоўкі тэлефонных званкоў. Але ніхто ня хоча ўблытвацца ў гэтую справу і расьсьледаваць яе. Аднак я ня веру, што тэлемахляры застануцца беспакаранымі. І цяпер у мяне адна надзея – дагрукацца да нашага прэзыдэнта. Таксама я хачу патрапіць на прыём да архіяпіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя. Бо «лекары» прыкрываюцца царквой, ублытваюць у свае нячыстыя справы вядомы манастыр. Хачу яшчэ даслаць электронны ліст Уладзімеру Жырыноўскаму – экстрасэнсы ж у сваёй перадачы кажуць, што ён, маўляў, у іх атрымлівае падсілкоўваньне.

Пасьля лекаваньня мінула тры месяцы, але Людміла трымае сувязь з галоўным лекарам абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі Аленай Мартынавай.

Мэдык падае ўражальную статыстыку: за апошнія некалькі гадоў у рэгіёне было 11 пацыентаў, якія пацярпелі ад тэлеэкстрасэнсаў. Гэта людзі розных прафэсіяў і сацыяльнага статусу. Ва ўсіх надарылася нейкая бяда: хвароба, сямейныя бязладзіца, непрыемнасьці на працы і г.д. Яны зацыкліліся на сваёй праблеме, а таму ўразьлівыя і лёгкаўнушальныя. А ашуканцы спрытна маніпулююць імі, выкарыстоўваючы пэўныя псыхатэхналёгіі – тыя самыя, якія ўжываюць мадэратары так званых суполак сьмерці ў сацсетках.

На шчасьце, віцебскія мэдыкі змаглі дапамагчы ўсім ахвярам падману «тэлемагаў». Аднак Людміле Германавай не дае спакою мысьль, што на кнопкі з каналамі, дзе вяшчаюць «чарадзеі», націскаюць усё новыя і новыя даверлівыя людзі:

– Усе гэткія перадачы – гэта проста чума XXI стагодзьдзя! Ну хай бы я ўжо адна такая дурніца была, было б ня так крыўдна. А тут жа дзясяткі, а то і сотні адурманеных. Таму я хачу, каб нарэшце пачулі крык маёй душы: трэба як найхутчэй спыніць гэтае махлярства з тэлеэкрану!

Гісторыя віцяблянкі Людмілы Германавай трапіла на канал «Расія 24». Аўтар рэпартажу кажа, што «лекарка» Надзея Сьцяпанава фігуруе ў крымінальных зводках Мардовіі і Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі. Але ведзьмакі працягваюць выкупляць час на кабельных каналах. Тым ня менш у суседняй краіне ўзбуджаюць крымінальныя справы па падобных фактах (адной з ахвяраў стала нават былая маёр паліцыі – за 3 дні яна перавяла ашуканцам 633 тысячы расейскіх рублёў).

Тацяна Мацьвеева, tut.by

1 камэнтар

  • Спасылка на Камэнтар Ядвига Аўторак, 18 Ліпень 2017 Дадаў Ядвига

    В сети не только экстросэнсы работают,но и мошенники,даже предлагают работу через сеть и этим вытягивают деньги,как бы за переводы заработанных денег и всё с той же Москвы.Открыто в сети и их тоже никто не привлекает к ответственности.

    Паскардзіцца