Як ты, Сяргей, трапіў на навучаньне, і хто падштурхнуў цябе да гэтага кроку?
Як я апынуўся ў Польшчы? На вучобу паехаў два з паловай гады таму. Падвысіць адукацыю параілі мне аднапартыйцы. Зянон Пазьняк сказаў мне, маўляў, людзі да цябе пачнуць па-іншаму ставіцца. На навучаньне трапіў у Сядлецкі прыродазнаўча-гуманітарны ўнівэрсытэт. Седльцы – гарадок невялікі, з 78 тысячамі насельнікаў. Знаходзіцца ў васьмідзесяці кілямэтрах ад беларуска-польскай мяжы. Як па мне, гэта добра – блізка дабірацца. Горад унівэрсытэцкі. Вельмі шмат студэнтаў.
Які факультэт ты абраў і якімі матывамі пры тым кіраваўся?
Пайшоў я на эканамічны факультэт. Спэцыялізацыя: мэнэджмэнт. Трэба ж вучыцца грошы зарабляць, бо партыя грошай ня мае, нацыяналістам іх ніхто не дае. Захад нацыянальнае, беларускае адраджэньне не цікавіць. Цікавяць яго толькі дэмакратыі і дыктатуры, якія Беларусі нічога даць ня могуць. Хаця я мяркую, што у нас хутчэй не дыктатура, а акупацыйны рэжым.
Хто зь беларусаў вучыцца ва ўнівэрсытэце?
Вучацца дзеці розных дэмакратычных апазыцыянэраў. Апроч мяне, там вучацца толькі два беларусы, усе астатнія навучэнцы, што прыехалі з нашай краіны, маюць карту паляка. Польскі ўрад дае ім стыпэндыю, як і мне. Атрымліваю 1200 злотых штомесяц, гэта прыблізна даляраў трыста, інтэрнат каштуе сто. Няшмат, але дзякуй і за тое, што даюць.
Сяргей, наколькі ты перакананы, што студэнты зь Беларусі па сканчэньні навучаньня вернуцца на Бацькаўшчыну?
Каму трэба, той вернецца. Хто паехаў дзеля таго, каб знайсьці працу і ўладкавацца, то яны, што тут, што там будуць, – розьніцы няма. Кожны чалавек мусіць мець сумленьне і адказнасьць. Калі іх няма, то тут ужо нічым не дапаможаш. Хаця пры разгалінаванай інтэрнэт-прасторы, што існуе цяпер, чалавек паўсюль можа прыносіць карысьць сваёй краіне.
З кім са студэнтаў ты кантактуеш, і наколькі яны разумеюць тое, што адбываецца ў Беларусі?
Кантактую зь беларусамі і зь некаторымі палякамі. Але ж нягледзячы на тое, што яны вучацца ў дэмакратычнай краіне, мазгі ў бальшыні зь іх загружаныя лукашэнкаўскай прапагандай. Вельмі загружаныя. Калі яны глядзяць Лукашэнку, яны не ўсьведамляюць, што ён сабой уяўляе. Неяк яны ўключылі відэа, кажуць: «Глядзі, круты мужык». Я адказваю: «У чым ягоная круцізна? Здаў Беларусь. Байкі распавядае?» Яны глядзяць і не разумеюць, што да чаго. Яны ня ведаюць рэальнага жыцьця і рэальнай палітыкі. Трэба тлумачыць. Адзін хлопец мне неяк сказаў: «Пасьля размоваў з табой, прыехаўшы ў Беларусь, перастаў успрымаць размовы маіх сяброў пра палітыку. Я не магу іх слухаць».
Дык што сьвядомых маладзёнаў і там мала?
Сьвядомых наогул мала. Я, калі з людзьмі размаўляю, наогул сустракаю мала сьвядомых. У бальшыні глузды загружаныя мякінай пра дыктатуру і дэмакратыю. Сьвядомасьць – гэта беларуская нацыянальная ідэя, нацыянальная культура, мова.
Дык дзе выйсьце, што рабіць?
Займацца распаўсюдам нацыянальнай ідэі і праўды пра рэальны стан рэчаў. Трэба падаваць адну і тую ж нацыянальна-арыентаваную інфармацыю. Людзі падманутыя тэлевізіяй, падманутыя прапагандай. Існуе калектыўная сьвядомасьць, яна будуецца на эмоцыях, што ўкідваюцца праз тэлевізар. Расейская тэлевізійная прапаганда для тутэйшага чалавека, як калектыўны гіпноз. Спрабуеш чалавеку нешта патлумачыць – здаецца, разумее. Але адыдзе два крокі і зноў губляе арыентацыю – настолькі моцны гэты ўплыў. Трэба падаваць сваё, даносіць да людзей нормы нацыянальнай ідэі. Прабіцца да сьвядомасьці можна адно праўдай, і толькі праўдай. Трэба шукаць тых людзей, якія ня маюць страху, і размаўляць зь імі. Я маю прыклады. Празь месяц яны ўжо выходзяць зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. А губляць свой час на тых, хто ня здатны ўспрыняць, ня трэба.
Колькі часу табе засталося вучыцца?
Засталося вучыцца адзін год да бакаляра, плюс два гады да магістра, ды яшчэ плюс два гады да доктара. Быць, дык ужо доктарам. Буду вучыцца, пакуль будзе магчымасьць.
А як справы ў цябе з польскай мовай?
Некаторыя палякі кажуць, што добра, але я адчуваю, што недастаткова, трэба ўдасканальвацца. Іншая мова, свае асаблівасьці, а навуковая тэрміналёгія адсоткаў на восемдзесят абсалютна іншая.
Дзе табе давялося пабываць падчас навучаньня ў Польшчы?
Нідзе, апроч Варшавы, за гэты час я ня быў, бо грошай на падарожжы няма. Шлях мой просты: Седльцы – Віцебск і адваротны кірунак. Ва ўнівэрсытэце займаюся адукацыяй, тут – дзецьмі. У мяне існуе свой, вальнейшы графік наведваньня вучобы. Галоўнае – здаваць экзамэны ды залікі. Дом наведваю раз на два месяцы.
А як да твайго навучаньня ставіцца жонка, якая выхоўвае дваіх дзетак?
Жонка разумее, яна ў мяне малайчына. Разумная, выдатніцай была ў школе, і ва ўнівэрсытэце вучылася на чатыры і пяць. Працуе, дзецьмі займаецца, шмат чым займаецца. Мала я сустракаў гэткіх людзей, як мая жонка.
Скажы, Сяргей, а па Беларусі сумуеш?
Там для мяне, нягледзячы на добрае да мяне стаўленьне, – усё чужое. Яно і тут усё чужое, маскальскае. Мяне цешыць усё наша: Віленскае барока ў Віцебску, а ня гэтыя каробкі бяз дахаў. У нас так не будавалі. Трэба ўсё перабудаваць на наш капыл, каб дахі былі чырвоныя, пад дахоўку, як на Захадзе. Мусіць вакол быць наша архітэктура, а не чужынская. Мусіць быць наша гісторыя, наша культура, наша музыка. Неяк я ішоў праз пляц Перамогі, а там у лапцях скачуць. Ня наш гэта абутак, расейскі, хаця, калі на маскалёў паглядзець, яны лапці паздымалі, цяпер усе народныя калектывы ў ботах тупаюць. Ня трэба нас ў лапці абуваць, няхай іх носяць тыя, хто іх выдумаў. На балалайках у музычных школах вучаць іграць... Навошта нам мангольскія інструмэнты, у нас сваіх хапае.
Ці зьмянілася краіна за два гады тваёй адсутнасьці тут?
Чырвона-зялёных і расейскіх анучак стала больш. Яны навучыліся ад мяне вывешваць сьцягі. Я іх гэтаму навучыў. Цяпер яны змагаюцца з намі маімі ж мэтадамі. Але рэч у тым, што, як бы яны ні намагаліся, у іх гэта анучка, а ў нас – сьцяг. За нашым сьцягам гісторыя, за нашым сьцягам народ, лепшыя людзі нашай краіны.
А ў чым ты зьмяніўся за гэты тэрмін?
Стаў больш інтэлігентны, паспакайнеў, пасьля вязьніцы стаў па-іншаму глядзець на людзей. Я зразумеў: шмат з тых, хто выдае сябе за апазыцыю, насамрэч – агенты КДБ.
С. Горкі, Віцебская вясна