Першымі інфармацыю пра выбух у Віцебску разьмясьцілі журналісты і простыя карыстальнікі Фэйсбуку.
Журналіст Дзьмітры Брушко напісаў: «Пішуць, што ў цэнтры нешта выбухнула… Моладзь мянты мятуць з вуліцаў… Нічога не зразумела. Міліцыянты бяруць ўсіх, хто ходзіць у башлыку па вуліцы».
Пазьней фотакарэспандэнт Антон Матолька адзначыў: «Пішуць, што выбух быў у раёне будынку КДБ. Мяркуючы па цішыні, магчыма, проста хуліганства».
Наташа Чэ: «Сама не была на месцы, таму нічога канкрэтнага распавесьці не магу. Усё са слоў брата, ён вярнуўся толькі а другой гадзіне ночы, каля пяці гадзін чакаў сябра ў райаддзеле міліцыі, дзе ўласна і даведаўся ўсёй гэтай інфы. Бачыў агароджаны стужкай будынак КДБ - ён побач зь мянтоўкай. Казаў, нібыта шыбы выбітыя, але ніякіх істотных разбурэньняў. Нікога блізка не падпускаюць, могуць прайсьці толькі тыя, хто жыве ў найбліжэйшых дамох. Мяркую, што нейкае хуліганства».
Алена Сьцяпанава: «Усё-ткі нешта ёсьць, паведамляюць відавочцы: правае крыло будынку, далёкае, да Дзьвіны, абгароджанае стужкай».
Прадстаўнік Беларускага Хельсынскага Камітэту ў Віцебску Павал Левінаў зьезьдзіў да будынку віцебскага КДБ. Паводле яго слоў, на 3:30 раніцы 12 лістапада сытуацыя была наступная: «У вокнах КДБ гарыць сьвятло; ля ўезду на тэрыторыю службовы аўтобус; тэрыторыя ля правага крыла будынку (калі стаяць тварам да цэнтральнага ўваходу) абнесеная стужкай, перад будынкам рух асоб у цывільным, прылеглая тэрыторыя ахоўваецца супрацоўнікамі міліцыі. Дзяжурны супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС (знаходзіцца на адлегласьці каля 90 мэтраў ад будынку КДБ) адмовіўся паведаміць пра здарэньне і наяўнасьць або адсутнасьць затрыманых, парэкамэндаваўшы зьвярнуцца ў прэс-службу Віцебскага УУС».
З раніцы чуткі пра здарэньне распаўсюдзіліся па ўсім горадзе. Людзі актыўна абмяркоўваюць інцыдэнт у грамадзкіх месцах. Кажуць пра тое, што міліцыя затрымлівала мужчын і дзецюкоў нават празь некалькі гадзін пасьля здарэньня. У Кастрычніцкім РАУС, паводле слоў аднаго з затрыманых, знаходзілася вельмі шмат мужчын, якія былі спыненыя на вуліцы ў той час, калі яны прыпаркоўвалі машыну або проста ішлі па сваіх справах.
Раніцай агенцтва БелаПАН пацьвердзіла, што, паводле сьведчаньняў відавочцаў, тэрыторыя, прылеглая да Віцебскага абласнога ўпраўленьня КДБ, разьмешчанага па вуліцы Савецкай, 18, ужо на працягу некалькіх гадзін ачэпленая супрацоўнікамі міліцыі.
А 10-й гадзіне КДБ распаўсюдзіў афіцыйную інфармацыю: «11 лістапада 2012 г. а 18:48 каля будынку Ўпраўленьня КДБ па Віцебскай вобласьці адбыўся падрыў прымітыўнай спартовай піратэхнічнай прылады, які спрычыніўся да пашкоджаньня двух вокнаў адміністрацыйнага будынку. Паводле папярэдніх ацэнак, прылада ўяўляла сабой кардонны або плястмасавы тубус, начынены 50-70 грамамі піратэхнічнай сумесі і зьмешчаны ў бляшанку ёмістасьцю 0,25-0,33 л без паражальных элемэнтаў. У дзеяньне прыведзеная агнявым спосабам (праз падпал). У выніку неадкладных сьледчых дзеяньняў і на падставе паказаньняў сьведак затрыманыя тры чалавекі, адзін зь якіх з вонкавымі прыкметамі адхіленьняў ад нармальных паводзінаў раней рабіў тэлефанаваньні ва УКДБ зь некарэктнымі выказваньнямі ў адрас ворганаў улады. Узбуджаная крымінальная справа паводле арт. 339 КК Беларусі (хуліганства). На месцы здарэньня працуе апэратыўна-сьледчая група».
Частка 3 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленьня волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.
Жыхары найбліжэйшага да месца выбуху жылога дому - па адрасе вуліца Савецкая, 23 - распавялі пра некаторыя падрабязнасьці здарэньня. Літаральна праз 3 хвіліны пасьля выбуху зьявілася міліцыя, а праз 10 хвілін на месцы былі сапёры і іншыя службы. Ніякіх сьлядоў выбуху жыхары не заўважылі, паколькі ён адбыўся з тыльнага боку будынку. Таксама відавочцы зьвярнулі ўвагу, што на працягу апошняга месяца ў сквэры побач з будынкам Упраўленьня КДБ адсутнічала асьвятленьне. Паводле іхных слоў, адразу стала зразумела, што адбылося нешта экстраардынарнае, паколькі гук выбуху ня быў падобны да звычайнай піратэхнікі, якая па выходных у гэтым раёне непазьбежна суправаджае вясельлі. Да жыхароў дому па Савецкай, 23 прыходзіў сьледчы, аднак ніякай дадатковай інфармацыі не паведаміў.
Зь некалькімі жыхарамі раёну паразмаўляў карэспандэнт Эўрарадыё. Адна з жыхарак, Тацьцяна, напярэдадні ўвечары выгульвала свайго сабаку. «Я тут ішла. Мяне як раз маладая пара дагнала - хлопец з дзяўчынай. Яны дагналі мяне і пайшлі туды, у цемру. Раней там сьвятло гарэла ўвесь час. Але вось ужо два месяцы як не гарыць», - распавядае Тацьцяна. Яна мяркуе, што злачынства магла зьдзейсьніць менавіта гэтая пара. Таму што больш нікога ў той вечар каля будынку КДБ яна не заўважыла. Ня дзіўна: было холадна. Не найлепшы час, каб сядзець у парку.
Выбух прагрымеў адразу пасьля таго, як жанчына зайшла ў сваю кватэру: «Я зайшла дадому, зьняла сабаку ланцужок, працерла лапы… І тут выбух страшны - шкло зазвінела ў вокнах. Я адразу на другі паверх кінулася да суседкі. У яе тое ж самае».
Яшчэ адзін сведка - пэнсіянэр, сусед Тацьцяны - таксама чуў выбух і спалохаўся. Але ніякіх падрабязнасьцяў ня ведае. Толькі наракае на міліцыянтаў з ачапленьня - перашкаджаюць прайсьці наўпрост у горад, прыходзіцца абыходзіць коламі. Абое сьведак перакананыя, што ў будынку КДБ выбухнула зусім не звычайная пэтарда: «Салют, ён як - хлопнула і трэск пайшоў. А тут зусім ня тое. Я адразу нават падумала, што газ выбухнуў».
Пра сваю гутарку з жыхарамі набліжэйшага дому распавёў таксама Павал Левінаў: «Усе былі напалоханыя. Сказалі, што выбух быў вельмі моцны. Выбухная хваля нават дайшла да іх вокнаў, а гэта, напэўна, мэтраў 150. У іх, праўда, шыбаў не павыбівала, але выбухная хваля была вельмі моцная. Усе адразу зразумелі, што гэта ніякая не пэтарда, а самы сапраўдны выбух. Адна жанчына нават сказала, што гэта нагадала ёй фільмы пра вайну. Я пытаўся ў жыхароў: “Як думаеце, чаму выбуховае прыстасаваньне заклалі ля КДБ, а не ля жылых дамоў?” - Яны кажуць: “Дастала кагосьці ўлада”. Людзі лічаць, што гэты выбух невыпадковы, і што ён накіраваны супраць цяперашняй улады».
Увесь дзень тэрыторыя каля будынку КДБ ачэпленая. У сквэры Герояў вайны 1812 году дзяжураць супрацоўнікі міліцыі і ДАІ. Яны не дазваляюць падыходзіць да будынку КДБ і нават да абеліску, усталяванага ў 1912 годзе. Перакрытая і вуліца Путна. Прайсьці можна толькі да музычнай вучэльні і Арт-цэнтру Шагала па краі сквэра. Вакол шмат людзей «цывільнага» выгляду. Афіцыйную прычыну ачапленьня ніхто не агучвае. Мінакам кажуць, што на гэтым месцы нібыта «абрыў сілавога кабелю».
Да самога будынку КДБ дазваляюць прайсьці толькі самім кадэбістам пасля прад’яўленьня службовага пасьведчаньня. Каля правага крыла будынку КДБ нацягнутая абмежавальная стужка. Павал Левінаў: «Не прапусьцілі нават паштовую машыну, якая дастаўляла карэспандэнцыю у будынак КДБ. Звычайна ён пад’яжджаў да ганку, а тут — ён бегаў туды пешшу, адносіў карэспандэнцыю».
Выбух у Віцебску адбыўся праз два дні пасьля адстаўкі старшыні КДБ Вадзіма Зайцава (ён адхілены ад пасады 9 лістапада рашэньнем кіраўніка дзяржавы), а таксама напярэдадні ўваходжаньня ў сілу зьмяненьняў і дапаўненьняў у законы аб барацьбе з тэрарызмам, аб супрацьдзеяньні экстрэмізму і ў некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэксу (яны набылі моц 12 лістапада).
Паводле tut.by, Freedom Fight, БелаПАН, “Нашай Нівы”, Народных навін Віцебска, Эўрарадыё, ucpb.org, udf.by, “Нашага дому”