Серада, 26 Снежань 2012

“Шпіён” Андрэй Гайдукоў пераведзены ў Менск

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Андрэй Гайдукоў Андрэй Гайдукоў

Як паведаміў таварыш арыштаванага, лідэр незарэгістраванага аб’яднаньня “Саюз маладых інтэлектуалаў” Яўген Канстанцінаў, абвінавачаны ў здрадзе дзяржаве Андрэй Гайдукоў зноў пераведзены ў сьледчы ізалятар КДБ у Менску. Маці Гайдукова даведалася аб пераводзе сына ў Менск толькі ўвечары 26 сьнежня. “Аб пераводзе не паведамілі нават адвакату. Адвакат пайшла на сустрэчу з Гайдуковым увечары 26 сьнежня, і толькі тады ёй паведамілі, што яшчэ 22 сьнежня яго перавялі назад у Менск”, - сказаў Канстанцінаў.

Маці Андрэя Гайдукова заўважыла, што ад сына перасталі даходзіць лісты. Хаця раней, калі з пачатку месяцу яго трымалі ў віцебскім СІЗА, ліставаньне было рэгулярным. У апошніх лістох дадому Андрэй Гайдукоў пісаў, што “фальсыфікацыі па ягонай справе даходзяць да абсурду”.

Супраць Андрэя Гайдукова распачатая крымінальная справа паводле артыкулу 356 “Здрада дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасьці”. Яго затрымалі 8 лістапада ў Віцебску нібыта падчас закладкі ў тайнік інфармацыі для замежных спэцслужбаў. Каля месяцу Андрэя Гайдукова трымалі ў менскім СІЗА КДБ, а на пачатку сьнежня перавезьлі ў Віцебск.

Родныя і сваякі лічаць гэтае абвінавачаньне беспадстаўным. І тлумачаць ціск на хлопца з боку КДБ выключна заняткамі апазыцыйнай дзейнасьцю. Непасрэдна перад арыштам Гайдукоў рыхтаваў дакумэнты, каб зарэгістраваць у Наваполацку моладзевую арганізацыю “Саюз маладых інтэлектуалаў”. Актывіст не хаваў сваіх палітычных поглядаў, яго затрымлівалі падчас “акцыяў маўклівага пратэсту”, і да яго неаднаразова прыходзілі “людзі ў цывільным” ды папярэджвалі пра імаверныя “непрыемнасьці”.

Паводле БелаПАН і Радыё Свабода