Чацвер, 28 Сакавік 2013

Падарунак уручаны. Праз 5 гадоў пасьля першай спробы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Антаніна Піванос Антаніна Піванос

Падчас сёлетняга сьвяткаваньня Дня Волі Антаніна Піванос нарэшце змагла ўручыць падарунак віцебскаму распаўсюдніку незалежнай прэсы Барысу Хамайду. Габэлен, на якім актывістка вышыла словы малітвы «Ойча наш», падобны да габэлену, які яна зьбіралася падарыць спадару Хамайду яшчэ ў 2008 годзе, на 90-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Але тады спроба зрабіць гэта аказалася няўдалай: Антаніну Піванос схапілі міліцыянты, габэлен адабралі, а саму актывістку судзілі нібыта за парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

Нагадаем, некалькі месяцаў таму Камітэт па правох чалавека ААН прызнаў, што ў 2008 годзе правы віцебскай актывісткі былі парушаныя. Згодна з рашэньнем камітэту, улады Беларусі абавязаныя кампэнсаваць ёй усе панесеныя выдаткі і вярнуць канфіскаваную маёмасьць – габэлен, альбо выплаціць яе грашовы эквівалент. Рашэньня КПЧ улады пакуль ня выканалі. Каб прымусіць іх зрабіць гэта хутчэй, Антаніна Піванос нядаўна зьвярнулася ў суд.

Віцебская Вясна