Карэспандэнт, які прыехаў на пазначанае месца, сапраўды знайшоў часткі чалавечага шкілета. На адным з адвалаў грунту сярод бітай керамікі валяюцца аскепкі чэрапа, абломкі рэбраў, косткі ніжніх канцавінаў і шэраг іншых больш дробных костак.
Знаходкі чалавечых парэшткаў на будпляцоўках у Віцебску далёка ня рэдкасьць. Так, на месцы земляных работ у парку ля плошчы Перамогі ў чэрвені 2010 году быў знойдзены чалавечы чэрап, найхутчэй за ўсё дзіцячы. А падчас будаўніцтва станцыі абезьзялезваньня ў вёсцы Сялюты было раскапанае гарадзішча раньняга зялезнага веку і пахаваньні, якія знаходзіліся на ім.
Звычайна будаўнікі не зважаюць на выкапаныя іх тэхнікай фрагмэнты шкілетаў. А проста адкідаюць іх у бок, мала дбаючы пра іх гістарычную ці мэмарыяльную каштоўнасьць.
Даведка:
Згодна з законам Рэспублікі Беларусь «Аб пахаваннi i пахавальнай справе», пры выяўленьні раней невядомых магіл мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы павінны зрабіць захады да вызначэньня колькасьці магіл, іх паходжаньня і часу правядзеньня пахаваньняў. А выяўленымі раней невядомымі магіламі лічацца магілы, разьмешчаныя па-за тэрыторыяй месца пахаваньня, выяўленыя падчас правядзеньня любых работ.
Калі ж выявіцца, што знойдзеныя парэшткі людзей, што загінулі падчас войнаў, у справу ўступае «Палажэньне аб ушанаваньні памяці пра загінулых пры абароне Айчыны і захаваньні памяці пра ахвяр войнаў», згодна зь якім прыпыняюць работы (калі парэшткі загінулых падчас войнаў былі выяўленыя падчас іх правядзеньня) да завяршэньня палявых пошукавых работ.
Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc
https://vitebskspring.org/news/roznae/item/157-u-tsentry-vitsebsku-valyayutstsa-chalavechyya-kostki#sigProId0fa996b7bc