“Дзеяньні супрацоўнікаў падатковай інспэкцыі цалкам законныя, - тлумачыць начальнік аддзелу апэратыўных кантрольных мерапрыемстваў Інспэкцыі па падатках і зборах Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргей Машканаў. - Гэтая грамадзянка займалася незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю. І на ўсе сродкі зьдзяйсьненьня злачынства быў накладзены арышт”.
Дарэчы, падаткавікі ўжо не ў першы раз сустракаліся з прадпрымальніцай на Смаленскім рынку Віцебску. Раней за дробныя парушэньні ёй давалі толькі папярэджаньні - зараз ўжылі крайнія меры. “У АБЭЗ паведамілі арыентоўку на гэтую грамадзянку, - распавядае Сяргей Машканаў. - Вырашылі праверыць інфармацыю. Паехалі раніцай на “кропку”, знайшлі гэтую жанчыну, зрабілі ў яе кантрольны закуп. Потым папрасілі прад’явіць дакумэнты - іх у “прадпрымальніка” не аказалася. Таму і ў дачыненьні да яе самой, і ў дачыненьні да тавару былі ўжытыя стандартныя адміністрацыйныя санкцыі”.
Пры гэтым сама прыватніца запэўніла карэспандэнта, што зусім не хавалася ад падаткаў, а проста не пасьпела аформіць усе неабходныя дакумэнты: “Мы толькі прыехалі, пачалі выстаўляцца. Тут падышлі маладыя людзі і купілі ў нас 6 скрынь клубніцы. Хто б мог падумаць, што яны з падатковай?! - успамінае Лілія Грабарэнка. - Хаця я не зьбіралася нічога парушаць, я б пазьней усё заплаціла. Проста падатковая адчыняецца толькі а 10:00, а я прыехала на рынак а 4-й раніцы. Я не магла чакаць, у мяне ж скорапсавальны тавар. І на сьпякоце клубніцы б папросту пацяклі”.
Тону ягад Лілія Пятроўна вырасьцила не ў сябе на градках. За таварам езьдзіла ў клубнічную сталіцу Беларусі - Лунінец: “Я толькі другі раз вырашыла гэтак падзарабіць. У Лунінцы брала ягаду па 12 тысяч, у Віцебску зьбіралася прадаваць па 14, - распавядае жанчына. - Але ў выніку замест прыбытку - адны страты. Забралі ягады на 17 мільёнаў, шалі за мільён і “Газель”, якую яны ацанілі ў 43 мільёны. Хоць бы яны клубніцы не павыкiдвалi, а людзям аддалі зьесьці…”
Але клубніцы прыйшлося выкінуць. Як кажуць у падатковай, з-за парушэньня ўмоў захоўваньня канфіскат не прайшоў па санітарных нормах і ня змог трапіць на рэалізацыю ў крамы. А вось далейшы лёс канфіскаванага аўтамабіля вырашыць суд: “На 4 ліпеня прызначанае пасяджэньне. Ня ведаю, што там вырашаць з машынай… Але ў будучыні я наўрад ці вярнуся ў гэты клубнічны бізнэс”, - кажа Лілія Грабарэнка.
Крыніца: Тут.бай