Субота, 13 Ліпень 2013

Леанід Гаравы: Трэба вырашаць лякальныя пытаньні з прыцэлам на прэзыдэнцкую кампанію

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Леанід Гаравы Леанід Гаравы

Жыхар Гарадка, што пад Віцебскам, Леанід Гаравы, актывіст руху «За свабоду», сябра «Беларускай асацыяцыі журналістаў», вядомы шмат каму са сваіх землякоў сваёй грамадзкай дзейнасьцю. Спадар Леанід мае вялікі досьвед удзелу ў выбарах: калісьці ён быў сябрам выбарчай камісіі, пасьля ўдзельнічаў у шмат якіх выбарчых кампаніях як назіральнік.

Таму пытаньне, якое «Дыялёг» задаў актывісту – датычна выбараў.

Якімі Вы бачыце найбліжэйшыя выбары у мясцовыя саветы?

– Апошні раз рэальна падлічвалі галасы на выбарах у мясцовыя саветы ў 2003 годзе. Тады па ўсёй краіне каля 200 прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў сталі дэпутатамі мясцовых саветаў, у тым ліку і тры дэпутаты ў Гарадоцкім райсавеце.

З рэфэрэндумам 2005 году канчаткова спынілася праца выбарчых камісіяў па рэальным падліку галасоў. Гэтую фальсыфікацыю фіксуюць міжнародныя і незалежныя назіральнікі па выніках усіх наступных кампаніяў. У краіне адбываюцца квазівыбары ўжо каторы раз.

У гэтай сытуацыі, калі за кратамі знаходзяцца палітычныя вязьні, а рэальных зьменаў у заканадаўства аб выбарах рэжым не жадае ўносіць, дэмакратычнаму грамадзтву неабходна засьведчыць сваю наяўнасьць, сваю альтэрнатыву. Неабходна кропкава ўдзельнічаць у тых акругах, дзе магчыма правесьці адэкватную агітацыйную кампанію. Гэта пераважна буйныя гарады і райцэнтры, дзе ёсьць кропкі дэмакратычнай думкі.

Адначасова з агітацыйнай кампаніяй неабходна арганізаваць у акругах з дэмакратычнымі кандыдатамі і эфэктыўнае назіраньне.

Гэта тыя задачы, якія магчыма вырашаць у гэтай кампаніі. Асаблівых зьменаў у паводзінах рэжыму чакаць не даводзіцца, таму трэба вырашаць гэтыя лякальныя пытаньні з прыцэлам на прэзыдэнцкую кампанію.

Спадар Леанід, з Вашай пазыцыяй наконт выбараў зразумела. А вяртаючыся ў мінуўшчыну, з чаго пачалася Ваша грамадзка-палітычная дзейнасьць?

– Усё пачыналася зь цікавасьці да нашай спадчыны, да грамадзка-палітычных падзеяў, якія ў другой палове 1988 году адбываліся ў Менску: стварэньне «Мартыралёгу», аргкамітэту БНФ, брутальны разгон шэсьця на Дзяды. Атрыманая літаратура ад Зянона Пазьняка дапамагала лепш разабрацца ў падзеях, якія тады адбываліся на Беларусі. Менавіта ў той час я быў ініцыятарам стварэньня Гарадоцкай філіі ТБМ – на устаноўчай канфэрэнцыі ўдзельнічала больш за 30 дэлегатаў з розных школ раёну.

Калі ў 1990 годзе стала відавочнай дэструктыўная пазыцыя КПБ па нацыянальным пытаньні, дык, зьяўляючыся дырэктарам вясковай школы, паклаў партбілет у сувязі зь нязгодай з партыйнай палітыкай у нацыянальным пытаньні.

Потым былі выбары ў Вярхоўны Савет 12 скліканьня, дзе падтрымліваў незалежнага кандыдата Мікалая Галая, дырэктара Пралетарскай сярэдняй школы, які атрымаў падтрымку больш як 4 тысяч выбаршчыкаў раёну.

Фактычна, мая дзейнасьць у нацыянальным адраджэньні і палітычным змаганьні распачалася 25 гадоў таму і мае свой працяг і цяпер.

У чым яна праяўляецца ў Віцебскім рэгіёне?

– У рэгіёне я садзейнічаю мясцовым ініцыятывам, якія накіраваныя на інфармаваньне грамадзтва пра рэальнае сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё краіны і рэгіёну. Гэта і выданьне незалежных газэт, і разьвіцьцё інтэрнэт-рэсурсу, і іншае. Таксама падтрымка розных спраў, накіраваных на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. Непасрэдна ў Гарадку выдаю інфармацыйную культурна-грамадзкую газэту “Гасьцінец”, адмініструю інтэрнэт-рэсурс.

Падчас выбарчых кампаніяў садзейнічаю агітацыйнай дзейнасьці незалежных кандыдатаў, а таксама ўдзельнічаю ў назіраньні за дзейнасьцю выбарчых камісіяў падчас галасаваньня.

У склад камісіяў мяне звычайна не ўключаюць, а вось падчас назіраньня неаднаразова фіксаваў факты парушэньняў выбарчага заканадаўства з боку выбарчых камісіяў. На жаль, праваахоўныя ворганы не даюць гэтым фактам належнай ацэнкі. А факты даволі прыкрыя: падробка дакумэнтаў, складаньне адказаў на скаргу да таго часу, як яна была пададзеная, або прызнаньне першага звароту паўторным і спыненьне ліставаньня з боку Цэнтрвыбаркаму

Вы згадалі інтэрнэт-рэсурс, якім Вы займаецеся. Распавядзіце, калі ласка,падрабязьнейпра Ваш сайт?

– Наш сайт падае інфармацыю карыстальнікам аб гісторыі, геаграфіі, культуры Гарадоччыны, а таксама амаль штодзённыя навіны пра жыцьцё раёну і краіны ў розных рубрыках: “Палітыка”, “Грамадзтва”, “Культура”, “Эканоміка”, “Спорт”, “Здарэньні”. На сайце разьмяшчаюцца нумары незалежнай газэты “Гасьцінец”, ёсьць матэрыялы пра антыбальшавіцкі супраціў 1918 году, матэрыялы па тарасазнаўстве – аб паэме “Тарас на Парнасе” і яе аўтары Канстанціне Вераніцыне.

Сайт зьяўляецца двухмоўным – падае інфармацыю на дзьвюх дзяржаўных мовах: беларускай і расейскай. Мы зацікаўленыя ў зваротнай сувязі са сваімі карыстальнікамі, якія маюць магчымасьць пакідаць свае камэнтары на кожны артыкул.

Над чым Вы зараз працуеце, якія маеце пляны на будучыню?

– Штодзённая праца па запаўненьні сайту – гэта тое, над чым працуем і зараз, і потым. Актуальнай задачай для нас зьяўляецца прасоўваньне сайту ў сацыяльных сетках. Але для гэтага трэба яшчэ дапрацаваць асобныя рубрыкі сайту, каб павысіць яго эксклюзыўнасьць, а таксама дадаць новыя.

Грамадзка значнай лічу справу па інфармаваньні грамадзтва аб “Картатэцы Сталіна” – сьпісах рэпрэсаваных па Гарадоцкім раёне, якія павінны зьявіцца на сайце найбліжэйшым месяцам. Гэтыя сьпісы будуць складзеныя з “Картатэкі Сталіна”, якая на пачатку году штодзень друкавалася на старонках парталу “Радыё Свабода” і ўтрымлівае больш за 70 тысяч ахвяраў сталінскага крыважэрнага рэжыму. Больш за тысячу рэпрэсаваных было на тэрыторыі Гарадоцкага, Мехаўскага, Межанскага, Езярышчанскага раёнаў, якія існавалі ў тыя часы.

Ня менш актуальнай зьяўляецца і прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці да праблемы баршчэўніку, якія захоплівае ўсё большыя тэрыторыі на Гарадоччыне, а ўлады не вядуць эфэктыўнай барацьбы з гэтым батанічным монстрам. Шкада, што кожны год страчваецца веснавы час, калі магчыма эфэктыўна змагацца з баршчэўнікам, а па восені ён працягвае свой наступ на састарэлыя вёскі Гарадоччыны, якія зьнікаюць...

Крыніца: Дыялёг Online газэта