Панядзелак, 02 Снежань 2013

Пракуратура вынесла Сяргею Рыжову папярэджаньне (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Сяргей Рыжоў Сяргей Рыжоў

«Пасьля разьмяшчэньня ў Інтэрнэце асуджэньня разгону ў Кіеве мірнага “Майдану”, пасьля разьмяшчэньня інфармацыі пра тое, што Беларуская кансэрватыўная партыя “Белая Русь” асудзіла разгон ў 2012 годзе мірнай дэманстрацыі на Балотнай плошчы і зьбіраецца далучыцца да міжнароднай ініцыятывы аб правядзеньні Дня памяці ахвяр разгону сьнежня 2010 году ў Менску, пракуратурай Віцебскай вобласьці было вынесенае мне афіцыйнае папярэджаньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі», – паведаміў віцебскі палітык Сяргей Рыжоў.

Пад афіцыйным папярэджаньнем, якое было ўручанае Сяргею Рыжову 3 сьнежня, стаіць подпіс намесьніка пракурора Віцебскай вобласьці старшага дарадцы юстыцыі Георгія Каранько. Палітыку ставіцца ў віну тое, што ён неаднаразова выступаў з заявамі, прадстаўляючыся сустаршынём Беларускай кансэрватыўнай партыі «Белая Русь» і Міжнароднага руху «За новы сьвет! За абноўленага чалавека!», якія не зарэгістраваныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

«Згодна з арт. 193-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, арганізацыя дзейнасьці альбо ўдзел у дзейнасьці палітычнай партыі, іншага грамадзкага аб’яднаньня, якія не прайшлі ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, караецца штрафам, альбо арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, альбо пазбаўленьнем волі на тэрмін да двух гадоў», – гаворыцца ў папярэджаньні, якой атрымаў віцебскі палітык.

У 2011 годзе Эўрапейская камісія за дэмакратыю праз права (Вэнэцыянская камісія) прызнала, што артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу, пра недапушчальнасьць парушэньня якога пракуратура папярэдзіла Сяргея Рыжова і які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, не адпавядае міжнародным прававым нормам. Беларускія і замежныя праваабаронцы ня раз выступалі з патрабаваньнем адмены гэтага артыкулу КК.

Сяргей Рыжоў заявіў, што з папярэджаньнем ня згодны, і мае намер абскардзіць яго ў Генэральную пракуратуру.