Пятніца, 21 Люты 2014

Віцебск рыхтуецца да 23 лютага (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Цягам некалькіх дзён запар віцебчукі маглі назіраць рэпэтыцыі параду, які адбудзецца 23 лютага на плошчы «Трох штыкоў» у Віцебску. У рэпэтыцыях бралі ўдзел ня толькі вайскоўцы, але і навучэнцы кадэцкай вучэльні, супрацоўнікі МНС. Прысутнічалі на рэпэтыцыях і высокія чыны ў міліцэйскай форме.

23 лютага лічыцца ў Беларусі «Днём абаронцаў Айчыны і Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь». На цэнтральнай старонцы сайту Віцебскага гарвыканкаму нават апублікаванае адмысловае віншаваньне воінам і вэтэранам Узброеных сіл. «Гэтае сьвята сымбалізуе найлепшыя традыцыі воінскай доблесьці і славы нашай краіны», – гаворыцца ў віншаваньні старшыні гарвыканкаму Віктара Нікалайкіна.

Аднак наўрад ці Віктар Нікалайкін або хто-небудзь іншы з «айцоў» гораду здолее выразна патлумачыць, якім чынам дата 23 лютага зьвязаная зь Беларусьсю, каб адзначаць гэты дзень як сьвята. Нават калі прыняць савецкі міт пра тое, што 23 лютага нібыта неяк зьвязанае са стварэньнем Чырвонай арміі ў 1918 годзе, то якое дачыненьне гэта мае да нашай краіны, якая ў лютым 1918 году знаходзілася пад нямецкай акупацыяй? Няўжо знаходжаньне пад акупацыяй «сымбалізуе найлепшыя традыцыі воінскай доблесьці і славы нашай краіны»?

Зрэшты, у гістарычным календары ёсьць яшчэ і 23 лютага 1944 году. Акурат у гэты дзень на загад галоўнага фюрэра СС і паліцыі генэральнай акругі «Беларусь» Курта фон Готбэрга была створаная «Беларуская краёвая абарона». Гэтае калябаранцкае вайсковае фармаваньне, шэрагі якога налічвалі каля 30 тысяч ваяроў, актыўна змагалася супраць савецкіх партызан. Дык, мабыць у гонар менавіта гэтай даты ўлады і арганізоўваюць урачыстасьці 23 лютага? Калі гэта так, то сёлета яны мусяць адзначыць сьвята з асаблівым размахам, бо гэты год – юбілейны: «Беларуская краёвая абарона» была створаная роўна 70 гадоў таму.

dyjalog.info