Прапанаваныя ўвазе гледачоў лялькі і чароўная скрыня, дзе яны ажываюць, насамрэч уяўляюць сабой твор мастацтва, выраблены паводле канонаў нашых продкаў, якія, паводле сьцьверджаньня аўтара, былі людзьмі творчымі і таленавітымі, а ня груба-прымітыўнымі. Уражвае выкшталцонасьць невялікіх фігур цара Ірада, Стражніка, Прадказальніка і іншых кананічных пэрсанажаў, што разыгрывалі дужа асучасьнены варыянт батлеечнай дзеі.
Нягледзячы на пэўную зацягнутасьць відовішча, гледачы атрымалі задавальненьне і ад вострых досьціпаў, і ад дужа выразных пралёгу і эпілёгу зь Мядзьведзем-дударом і Цмокам, што дыхаў агнём. І, ведама, ад скрыпача, што суправаджаў усё дзеяньне музыкай: то ўзьнёслай, то шчымліва-пяшчотнай, то гіранічнай.
А падчас дзеяньня травеньскі вечар на вуліцы Сеньненскай перастаў патыхаць “камунальнымі пахамі”, і раптам атуліў гледачоў непаўторным водарам палыну.
Шкада толькі, што гледачоў для такой выдатнай імпрэзы назьбіралася ня дужа шмат: адшукаць Эўрапейскі клюб без навігатара ня так і проста. А на больш выгодную пляцоўку цара Ірада з пазнавальным кожнаму беларусу акцэнтам у Віцебску ня пусьцяць. Пакуль што.
https://vitebskspring.org/news/roznae/item/1008-pan-skirgajla-palyanetski-matskevich-paznajomiu-vitsebchukou-z-batlejkaj#sigProIdd467ad86ec
Крыніца: Народныя навіны Віцебска