Нядзеля, 16 Сакавік 2014

На вуліцах Віцебску аўтамабілістам раздавалі расейскія сьцяжкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэтую акцыю назіраў віцебскі праваабаронца Павал Левінаў. У камэнтары ён адзначыў, што год таму яшчэ не зьвярнуў бы ўвагі на такую акцыю. Але цяпер яго насьцярожыла тое, што Расея фактычна вядзе вайну супраць Украіны. Таму Павал Левінаў затэлефанаваў у міліцыю і паведаміў пра парушэньне.

Павал Левінаў: “Я затэлефанаваў і сказаў: вось стаіць грамадзянка, выходзіць на праезную частку, раздае сьцяжкі. І я яшчэ не пасьпеў расказаць, якія сьцяжкі, як у мяне спыталіся: “Чырвона-белыя?!” Я сказаў: “Так, там ёсьць і чырвоны колер, і белы колер, і сіні колер…” Кажу, гэта сьцяжкі Расейскай Фэдэрацыі. — “А-а-а, Расейская Фэдэрацыя — гэта ж наша дзяржава!”

Міліцыянты, дарэчы, нічога ня мелі супраць таго, каб Левінаў выйшаў на такую ж акцыю з украінскімі сьцягамі.

У міліцыю Левінаў тэлефанаваў двойчы, бо не дачакаўся рэакцыі на свой першы званок. У другі раз яму паведамілі, што міліцыя ня бачыць правапарушэньня ў дзеяньнях дзяўчыны. Аднак на заўвагу, што тая ходзіць па праезнай частцы, усё ж паабяцалі даслаць патруль ДПС. Праўда, і той таксама не прыехаў. Паводле слоў Левінава, да дзяўчыны неўзабаве падышоў малады чалавек, зь якім яна хуценька і сышла.

Дарэчы, аўтамабілісты да акцыі ставіліся па-рознаму. Нехта сьцяжкі браў, хтосьці адмаўляўся. Левінаў кажа, што яго зьдзівіла машына з расейскімі нумарамі: яе кіроўца браць сьцяжок адмовіўся.

Крыніца: Эўрарадыё