Серада, 20 Красавік 2022

Затрыманы лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП Васіль Бераснеў

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

19 жніўня сярод 15-ці затрыманых лідараў беларускіх недзяржаўных прафсаюзаў аказаўся сябра Рады і кіраўнік прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) аршанец Васіль Бераснеў. 71-гадовы мужчына знаходзіцца пад вартай. Справу вядуць следчыя цэнтральнага апарату Камітэту дзяржаўнай бяспекі.

Аршанская арганізацыя РЭП, якой нязменна кіраваў Бераснеў, была зарэгістраваная ў 2016 годзе і за шэсць гадоў ператварылася ў магутную рэгіянальную прафсаюзную структуру з больш як 150 сябрамі. Прычым большую яе частку складала моладзь. Сваю дзейнасць прафсаюз праводзіў на тэрыторыі Дубровенскага, Талачынскага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці. Пры прафсаюзе працавала юрыдычная служба, актыўнасцю вылучалася жаночая секцыя.

Асноўныя праблемы, якія даводзілася вырашаць РЭП-аўцам, – гэта працаўладкаванне, незаконныя звальненні, нявыплаты заробкаў, розныя працоўныя спрэчкі.

Апроч таго, Васіль Бераснеў сумяшчаў працу ў прафсаюзах з праваабарончай дзейнасцю. У Аршанскім рэгіёне ён быў прадстаўніком Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт», якое, па рашэнні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, было ліквідаванае 30 верасня 2021 года.

Міхаіл Пісараў