Жыхары вобласці, якія трапілі ў гэтую катэгорыю, вымушаныя аплачваць так званы «падатак на дармаедства» – разлічвацца за камунальныя паслугі па падвышаных тарыфах.
Як запэўніў журналістаў аднаго з праўладных выданняў Аляксандр Хрыстафораў, зроблена гэта не таму, што ў дзяржавы няма магчымасцяў дапамагаць беспрацоўным або праз неэфектыўнасць эканомікі, а толькі «у мэтах дадатковага стымулявання да працаўладкавання».
Паводле інфармацыі чыноўніка, каб скласці і ўпарадкаваць гэты спіс «дармаедаў», абавязаных аплачваць павышаныя камунальныя плацяжы, у 2021 годзе 26 адпаведных камісіяў правялі 796 пасяджэнняў, з якіх 138 былі выязнымі. Праз падобныя камісіі прайшло каля 66000 жыхароў Віцебскай вобласці.
У адпаведнасці з Дэкрэтам №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» і пастановай Савету міністраў «Аб вызначэнні паслуг, якія прадастаўляюцца працаздольным грамадзянам, не занятым у эканоміцы…», грамадзяне абавязаныя аплачваць па падвышаных тарыфах ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне і газазабеспячэнне пры наяўнасці газавага ацяпляльнага абсталявання.
У сярэднім, напрыклад, за ацяпленне такім грамадзянам даводзіцца плаціць у 5 разоў больш, чым астатнім. А ў цэлым аплата за камунальныя паслугі павялічваецца ў некалькі разоў.
Увядзенне "падатку на дармаедства" ад самага пачатку выклікала абурэнне беларусаў. У 2017 годзе па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту з патрабаваннем яго скасаваць. У Віцебску ў тым годзе на мірную акцыю выйшла каля 3000 чалавек. Пасля масавых пратэстаў улады былі вымушаныя адмяніць падатак. Але, калі напружанне спала, увялі зноу, ужо ў змененым выглядзе.
Яўген Князеў