Пэрсанальныя склады камісій былі зацьверджаныя яшчэ ўвесну 2018 году. У складзе камісій – спрэс дзяржслужбоўцы: супрацоўнікі і кіраўнікі аддзелаў ідэалягічнай працы, адукацыі, спорту і турызму, эканомікі, падатковых інспэкцыяў, ЗАГСаў, разьліковых цэнтраў, аддзелаў ЖКГ, устаноў аховы здароўя і РАЎСаў.
Грамадзкія аб’яднаньні ў камісіях прадстаўленыя... першымі сакратарамі раённых камітэтаў БРСМ.
Галоўныя ўрачы, ідэолягі, міліцыянты…
Гэтак, у склад камісіі Чыгуначнага раёну ўваходзіць кіраўнічка аддзелу ідэалягічнай працы Вольга Аляшковіч, галоўныя ўрачы гарадзкіх паліклінік №№ 6 і 7 Алена Пішчык і Людміла Аляксеева, начальнік аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Аляксей Блахін, першы сакратар Чыгуначнага раённага камітэту БРСМ Карына Пушкарова ды іншыя. У камісіі – 15 чалавек.
Сярод сябраў адпаведнай камісіі пры адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску – намесьнік начальніка аддзелу эканомікі Алена Кавыляева, начальнік аддзелу ЗАГС Алеся Мартынава, раённы ідэоляг Натальля Сокалава, намесьнік начальніка аддзелу ўнутраных спраў раённай адміністрацыі Аляксандар Рыбакоў, загадчык паліклінікі №2 Юры Сьцепаненка, першы сакратар раённага БРСМ Сьвятаслаў Міхайлаў. У складзе Першамайскай камісіі па дармаедах – 17 чалавек, але некаторыя зь іх адзначаныя зорачкамі – “зь іхнай згоды”.
Тут - поўныя сьпісы сябраў камісіі па дармаедах Чыгуначнага і Першамайскага раёнаў Віцебску. Інфармацыя аб складзе камісіі Кастрычніцкага раёну Віцебску пакуль адсутнічае.
“Камісіі будуць парушаць правы грамадзян”
Нагадаем, што ў ліпені віцебскі праваабаронца Павал Левінаў прасіў адміністрацыю Першамайскага раёну ўключыць яго ў склад камісіі па спрыяньні занятасьці, але атрымаў адмову. Чыноўнікі спасылаліся на тое, што камісіі ўжо сфармаваныя і зацьверджаныя.
Камэнтуючы адмову, Павал Левінаў казаў, што камісіям нададзеныя занадта шырокія паўнамоцтвы: “З тымі паўнамоцтвамі, якія ім нададзеныя, гэтыя камісіі будуць парушаць правы грамадзян на свабодны выбар прафэсіі, на свабоду распараджацца сваім часам, будуць умешвацца, у тым ліку, і ў прыватнае жыцьцё грамадзян”.
Калі будуць сфармаваныя чорныя сьпісы?..
На сайце Віцебскага гарвыканкаму паведамляецца, што “сьпіс грамадзян, не занятых у эканоміцы”, будзе сфармаваны да 1 сьнежня 2018 году.
Але, як паведаміла 8 жніўня дзяржаўнае выданьне “Витебские вести”, падчас працоўнай нарады старшыня абласнога Савету дэпутатаў Уладзімер Цярэнцьеў “даў даручэньне” сфармаваць сьпісы да 1 верасьня.
Скрын старонкі з навіной на сайце газэты "Витебские вести"
Вельмі паказальна пры гэтым, што афіцыйная абласная газэта ўжо больш не карыстаецца пэрыфразамі кшталту “не занятыя ў эканоміцы”, а наўпрост называе ў загалоўку такіх людзей “тунеядцами”.
Дзе і калі будуць засядаць камісіі
- Першамайскі раён. Паседжаньне камісіі будзе праходзіць у залі паседжаньняў адміністрацыі раёну (вул. Пралетарская, 14, 4 паверх) у другі і чацьвёрты аўторкі месяцу а 14-й гадзіне.
- Чыгуначны раён. Як паведамляецца на сайце гарвыканкаму, паседжаньні будуць праводзіцца “па меры неабходнасьці, але не радзей аднаго разу ў месяц”, у чацьвёрты аўторак штомесяц, у 14.00 (вул Касманаўтаў, 3а, каб. №6).
- Кастрычніцкі раён. “Паседжаньні камісіі праводзяцца два разы на месяц у кабінэце №204 адміністрацыі раёну ў другі і чацьвёрты аўторак штомесяц, у 16.00”, – паведамляе раённая адміністрацыя.
“Уключаныя ў сьпіс працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, будуць аплачваць па тарыфах, якія забясьпечваюць поўнае пакрыцьцё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на аказаньне паслугаў, гарачае водазабесьпячэньне ад 1 студзеня 2019 году, газазабесьпячэньне пры наяўнасьці індывідуальных газавых ацяпляльных прыладаў і цеплазабесьпячэньне – ад 1 кастрычніка 2019 году”, – нагадваюць камісіі.
Зьміцер Міраш