На зьезьдзе прысутнічалі 13 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі: Магілёўскай, Берасьцейскай, Віцебскай абласьцей і гораду Менску. Дэлегаты ад прафсаюзных структур падсумавалі вынікі працы ранейшага кіраўніцтва, выбралі новае і выказалі яму свае пажаданьні.
У сваёй справаздачы цяпер ужо былы старшыня СПБ Міхаіл Кавалькоў крытычна ацаніў уласную працу на пасадзе кіраўніка, аднак дэлегаты яго не падтрымалі. Цяжкая сытуацыя ў СПБ, на думку большасьці дэлегатаў, склалася праз агульны стан беларускага грамадзтва: абыякавасьць, недавер, страх, жаданьне неяк адседзецца, ні ў што ня ўблытваючыся, – гэта ўсё не спрыяе разьвіцьцю незалежных прафсаюзаў. Жорсткі прэсынг з боку ўладаў не толькі не слабеў апошнімі гадамі, але і ўзмацняўся. Ужываюцца як старыя, так і новыя мэтады ціску на прафсаюзы: гэта і забароны на рэгістрацыю, на правядзеньне мірных сходаў, пікетаў; гэта і публікацыі фальшывых фотаздымкаў лідэраў у эсэсаўскай форме (Бабруйск), стварэньне фэйкавых акаўнтаў у сацсетках, рассыланьне хлусьлівых матэрыялаў аб прафсаюзных актывістах у СМІ (Полацак).
Зрэшты, ў працы былі і суб'ектыўныя хібы: слабую інфармацыйную працу і адсутнасьць каардынацыі зь нізавымі структурамі не заўсёды можна растлумачыць бракам сродкаў або падрыхтаваных кадраў.
«Але ўсё гэта не павінна прымусіць нас скласьці рукі», – сказаў Генадзь Быкаў, які стаяў ля вытокаў свабоднага прафсаюзу ў краіне. Ён прыгадаў 90-я і пачатак 2000-х, калі рабочыя паказалі, што яны здольныя на актыўныя дзеяньні. Незадаволенасьць назапашваецца гадамі, а выплюхваецца на вуліцы вокамгненна. Прафсаюз патрэбен рабочым як інструмэнт, каб правільна фармуляваць свае патрабаваньні і цьвёрда іх адстойваць у перамовах з уладамі. «А такі досьвед у нас ёсьць», – падкрэсьліў Генадзь.
Выступілі і госьці зьезду: Аляксандар Ярашук, старшыня БКДП, ды яго намесьнік Сяргей Антусевіч, старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін. Яны віталі дэлегатаў і пажадалі посьпехаў новаму кіраўніцтву.
Паводле новаабранага старшыні СПБ Міколы Шараха, першае, чым зоймецца кіраўніцтва, – гэта ўзмацненьне інфармацыйнай працы і каардынацыя працы зь нізавымі прафсаюзнымі структурамі.
Дэлегаты выказалі сваю салідарнасьць зь лідэрамі прафсаюзу РЭП Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам, на якіх сягоньня ўлада накінулася ўсёй сваёй моцай.
Датычна эканамічнай сытуацыі ў краіне і парушэньня правоў работнікаў была прынятая рэзалюцыя зьезду.
Дэлегаты ХІІ зьезду СПБ
Генадзь Быкаў, Міхаіл Кавалькоў, Мікола Шарах
Прамаўляе Аляксандар Ярашук
Прамаўляе Мікалай Зімін
Аляксандар Марозаў