Двое судовых выканаўцаў прыйшлі ў прафсаюзны офіс а 12-й гадзіне дня, празь дзесяць хвілін пасьля таго, як там зьявіўся сябра прафсаюзу Віктар Стукаў. У гэты дзень была заплянаваная сустрэча сябраў прафсаюзных актывістаў з Часовым павераным у справах Каралеўства Нідэрляндаў у Рэспубліцы Беларусь Паўлам ван Oоствэйнам, таму ў офісе ішла падрыхтоўка да сустрэчы.
Арышт маёмасьці зьдзяйсьнялі судовыя выканаўцы: загадчыца сэктару аддзелу прымусовага выкананьня Полацкага раёну і гораду Полацку Міхно Ірына Васільеўна і судовы выканаўца Лашкевіч Антон Алегавіч.
Дзяржаўныя чыноўнікі арыштавалі тры прадметы з офісу прафсаюзу:
- cтруйный каляровы прынтэр Canon PIXMA;
- электрычны імбрык;
- настольныя лямпы дзённага сьвятла.
Усе гэтыя рэчы судовыя выканаўцы ацанілі ў восемдзесят пяць рублёў (70+5+10 = 85).
Актывіст прафсаюзу Віктар Стукаў адмовіўся прыняць арыштаваную выканаўцамі ўласнасьць прафсаюзу на адказнае захоўваньне. Таму быў запрошаны прадстаўнік Віцебскай філіі Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства па аказаньні паслуг «БелЮрЗабясьпячэньне» Мяжэвіч А. М., які забраў арыштаваную маёмасьць на захоўваньне ў Віцебск. Як сказаў спадар Мяжэвіч, у іх у Віцебску ўвесь склад пад столь завалены арыштаваным майном. Уся працэдура арышту прафсаюзнай маёмасьці заняла каля трыццаці хвілін.
Актывіст прафсаюзу СПБ Віктар Стукаў: “Я папярэдзіў судовых выканаўцаў, што яны парушаюць беларускае заканадаўства ў частцы нормаў міжнароднай дамовы Канвэнцыі №87, якое прадпісвае дзяржаўным чыноўнікам ўстрымлівацца ад умяшаньня ў дзейнасьць прафсаюзу. Аднак гэтае папярэджаньне ня мела на судовых выканаўцаў ніякага ўплыву”.
Намесьнік старшыні СПБ Мікола Шарах: “Мы абураныя нахабным умяшаньнем у дзейнасьць прафсаюзу і грубым парушэньнем нормаў міжнароднага забавязаньня ўраду Беларусі. Дзеяньні чыноўнікаў скіраваныя на ўскладненьне працы прафсаюзу. Тым ня менш наш прафсаюз працягне сваю працу паводле зацьверджанага рабочымі плану. Рашэньне прафсаюзу наконт рэакцыі на дзеяньні судовых выканаўцаў рада рабочых прыме на чарговым паседжаньні”.
Аляксандар Марозаў