Нядзеля, 19 Сакавік 2017

Мінпрацы ўзяло пад кантроль працэдуру калектыўных перамоваў у ААТ «Полацак-Шкловалакно»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Намстарш БКДП Сяргей Антусевіч, намстарш СПБ Мікола Шарах у Мінпрацы Намстарш БКДП Сяргей Антусевіч, намстарш СПБ Мікола Шарах у Мінпрацы

Пра гэта заявіў намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў 28 лютага на паседжаньні Рады ўдасканаленьня працоўнага заканадаўства. Нагодай для кантролю стала парушэньне Белхімпрафсаюзам Генэральнага пагадненьня. На заводзе пяршоўка Белхімпрафсаюзу (БХП) адмаўляецца выконваць Генэральнае пагадненьне і ствараць адзінае прадстаўніцтва работнікаў разам са Свабодным прафсаюзам Беларускім (СПБ).

З боку работнікаў у ААТ «Полацак-Шкловалакно» не сфармаваная адзіная для ўсіх працоўных камісія для калектыўных перамоваў з наймальнікам. У жніўні гэтага году на прадпрыемстве павінна быць заключаная новая калектыўная дамова работнікаў з наймальнікам, якая вызначыць памер сярэдняга заробку па заводзе на наступныя тры гады. БХП не выконвае свае ж забавязаньні і сабатуе стварэньне патрэбнай работнікам камісіі.

Свабодны прафсаюз працоўных заводу даўно накіраваў свайго прадстаўніка ў адзіную камісію. А Белхімпрафсаюз прад’яўляе СПБ дадатковыя патрабаваньні для стварэньня адзінай камісіі (падаць сьпісы сябраў СПБ на заводзе), што не прадугледжана ані законам, ані трохбаковым Генэральным пагадненьнем (прафсаюзаў, наймальнікаў і ўраду).

Раней сьпісы сябраў прафсаюзу, якія працуюць на заводзе, патрабаваў ад СПБ наймальнік. Рабочыя адмовіліся паказваць такія сьпісы, бо мяркуюць, што факт сяброўства ў СПБ належыць да пэрсанальных дадзеных работніка, якія разгалашэньню бяз згоды рабочага не падлягаюць. Цяпер падачы сьпісаў сябраў Свабоднага прафсаюзу хоча ўжо БХП – адказ яму будзе такім самым.

У лісьце пяршоўкі Белхімпрафсаюзу, падпісаным старшынёй Тацянай Гуравай, на адрас пяршоўкі СПБ гаворыцца: «Для разгляду пытаньня пра магчымасьць удзелу ў калектыўных перамовах прадстаўніка СПБ лічым неабходным падаць дакладныя зьвесткі з пазначэньнем канкрэтных работнікаў, якія знаходзяцца ў працоўных стасунках з адкрытым акцыянэрным таварыствам «Полацак– Шкловалакно», чые інтарэсы зьбіраецца прадстаўляць Ваша арганізацыя ў калектыўных перамовах».

Намесьнік старшыні СПБ Мікола Шарах пракамэнтаваў гэты ліст так: «Я ўважаю гэта за самадурства спадарыні Гуравай, якое ніяк зь беларускім заканадаўствам не зьвязанае. Я ўдзельнічаў у паседжаньні Рады па ўдасканаленьні працоўнага заканадаўства пры Міністэрстве працы, сакратарка ФПБ спадарыня Ганна Варфаламеева таксама пагадзілася, што гэтыя патрабаваньні Гуравай незаконныя. І ў цэлым Рада заканадаўства пры Мінпрацы не знайшла ніякіх пярэчаньняў, што да нашай адмовы падаць Белхімпрафсаюзу сьпісы сябраў СПБ, якія працуюць на заводзе».

Аляксандар Марозаў