Чацвер, 09 Люты 2017

Прафсаюз РЭП абараніў інтарэсы экс-работніц «Марко»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пасьля інвэнтарызацыі з працаўніц буфэту віцебскага ТАА «Марко» запатрабавалі выплаціць нястачу ў памеры 12 000 рублёў. У выніку справа дайшла да суду, які вынес сваё рашэньне 6 лютага.

Пра акалічнасьці справы распавёў прававы інспэктар прафсаюзу РЭП па Віцебскай вобласьці Андрэй Левінаў, які бараніў у судзе інтарэсы чатырох работніц.

– Інвэнтарызацыя была праведзеная ў буфэце увосень мінулага году. Па яе выніках працаўніцам налічылі 12 000 рублёў нястачы. Выглядала гэта дзіўна, улічваючы, што калектыў працаваў там чатыры гады, інвэнтарызацыі адбываліся штогод і ніякіх пытаньняў дагэтуль не было. Работніц «папрасілі» звольніцца па згодзе бакоў. Але, нязгодныя з налічанай нястачай, яны пачалі зьвяртацца ў праваахоўныя органы. Пасьля гэтага кампанія «Марко» стала актыўна рабіць захады па спагнаньні налічанай сумы. Гэтак справа дайшла да суду, – распавёў Андрэй Левінаў.

– У выніку суд пагадзіўся з нашымі довадамі. Найгалоўнейшае, што падчас зьдзяйсьненьня працэдуры інвэнтарызацыі было парушанае ці ня ўсё, што толькі можна было парушыць. Прыкладам, перад інвэнтарызацыяй з работніц не ўзялі падпісак пра афармленьне прыходу тавару і здачу грошай у касу, а акт аб правядзеньні інвэнтарызацыі прапанавалі падпісаць праз 4 дні пасьля яе заканчэньня. Наймальнік зьвяртаў увагу, што на работніц буфэту было напісаная вялікая колькасьць скаргаў. Але ніводная зь іх не была аформленая ў кнізе заўваг і прапаноў. Скаргі на тое, што працаўнікоў нібыта абважваюць і аблічваюць, былі аформленыя ў выглядзе сьпісу, дзе людзі ставілі свае подпісы. Шмат хто потым прасіў у буфэтчыц прабачэньня, распавядаючы, што гэтак зрабіць іх прымусіла кіраўніцтва.

praca-by.info