У 1991 годзе Валер Місьнікаў аформіў на сваю дачку папулярнае тады «страхаваньне да шлюбу». Згодна з умовамі страхаваньня яго дачцэ павінны былі выплаціць пасьля яе вясельля альбо па дасягненьні ёй нейкага ўзросту немалыя грошы. Па дасягненьні якога менавіта ўзросту – 21 або 25 гадоў – з дамовы не зусім зразумела, але пра гэта крыху ніжэй. Страхавая сума складала 1000 старых, яшчэ савецкіх рублёў. На гэтую тысячу пасьля сканчэньня тэрміну страхаваньня таксама павінны былі налічацца працэнты – па 0,25% штомесяц.
Спадар Місьнікаў цягам пэўнага часу рэгулярна плаціў грошы страхаўшчыкам і сваю частку забавязаньняў па дамове страхаваньня выканаў у поўным аб’ёме. А ў 2004 годзе тэрмін страхаваньня скончыўся – Тацьцяне Місьнікавай споўнілася 18 гадоў. У 2006 годзе яе бацька зьвярнуўся ў «Белдзяржстрах» з запытам наконт лёсу грошай, якія, як ён спадзяваўся, неўзабаве атрымае ягоная дачка.
У адказ на зварот супрацоўнік «Белдзяржстраху» паведаміў, што яго прадпрыемства не пярэчыць супраць выплаты належнай сумы, але сьпярша павінна быць прынятае нейкае рашэньне наконт выплаты доўгу. «Пры прыняцьці станоўчага рашэньня пра тэрміны правядзеньня кампэнсацыі па дамове доўгатэрміновага страхаваньня Вы будзеце праінфармаваныя дадаткова», – абяцалі страхаўшчыкі ў сваім адказе. «Чакайце», – гэтак можна перафразаваць адказ, атрыманы Валерам Місьнікавым. І ён чакаў…
У 2012 годзе спадар Місьнікаў ізноў зьвярнуўся ў «Белдзяржстрах». Ізноў атрымаў аналягічны адказ. Сёлета ўжо рэспубліканская рада прафсаюзу РЭП зьвярнулася ў цэнтральны офіс «Белдзяpжстраху». Адказ: У выніку дэнамінацыяў «Белдзяржстрах» ня змог зрабіць выплаты сумаў страхавога забесьпячэньня ў памерах, адпаведных цяперашняй эканамічнай сытуацыі. Беручы пад увагу актуальнасьць праблемы аб кампэнсацыі матэрыяльных страт грамадзян, ворганамі дзяржаўнага кіраваньня Рэспублікі Беларусь разглядаецца пытаньне, зьвязанае з магчымасьцю кампэнсацыі сумаў выплачаных грамадзянамі страхавых узносаў. Аб прыняцьці ворганамі дзяржаўнага кіраваньня канчатковага рашэньня аб правядзеньні кампэнсацыі ўзносаў, выплачаных страхавальнікамі і выдаткаваньні «Белдзяржстраху» неабходнага аб’ёму грашовых сродкаў зь дзяржаўнага бюджэту і пачатку кампэнсацыі выплат будзе паведамлена ў СМІ.
Валер Місьнікаў: «У 2006 годзе мне даслалі паперу, што я мушу чакаць. Я законапаслухмяна чакаў моманту, калі будзе паведамленьне аб дзеяньнях “Белдзяржстраху”… У 2006-м зьвярнуўся, у 2012-м зьвярнуўся, у 2013-м… І кожнага разу мне кажуць: “Чакайце”. “Вы чакайце, урад прыме рашэньне”… Дык што, я павінен не паважаць нашага прэзыдэнта і прэм’ер-міністра? Яны жа прымуць некалі рашэньні?! Я законапаслухмяны, я сумленны грамадзянін – я чакаў».
Нарэшце чакаць надакучыла… Патрабаваньне выплаціць страхавую суму і працэнты на гэтую суму, якія павінны налічацца згодна з умовамі страхаваньня, было накіраванае ў суд.
На судзе адказчыка прадстаўляў вядучы юрысконсульт філіялу «Белдзяржстраху» па Віцебскай вобласьці Ўладзімер Журко. Паводле яго слоў, страхавы выпадак наступіў у 2007 годзе, калі Тацьцяне Місьнікавай споўніўся 21 год (у шлюб яна ўступіла пазьней, у 2012 г.), і калі б яна тады зьвярнулася па выплату, то атрымала б яе – у памеры… 18 капеек (зь іх 11 капеек – страхавая сума, 7 – кампэнсацыйная выплата). А на сёньняшні дзень тэрмін пазоўнай даўнасьці, маўляў, скончыўся, – гэтак выказаў у судзе сваю пазыцыю прадстаўнік адказчыка.
Тэрмін пазоўнай даўнасьці складае 3 гады. Такім чынам, згодна зь меркаваньнем юрыста «Белдзяржстраху», па выплату трэба было зьвяртацца з 2007 па 2010 гады. А цяпер ужо быццам бы запозна.
Вось тут дарэчы будзе прыгадаць узрост, у якім, згодна з дамовай страхаваньня, наступае страхавы выпадак, калі застрахаваная асоба не ўступіла ў шлюб. На блянку дамовы, які мае на руках спадар Місьнікаў, стаіць лічба «25», але яна закрэсьленая, і замест яе асадкай напісана «21» безь якога-небудзь подпісу побач, што выпраўленьне зьяўляецца часткай дамовы. Тут жа надрукаваныя ўмовы страхаваньня – і там таксама «25».
Іншай дамовы зь іншымі тэрмінамі, пад якой стаяў бы подпіс Місьнікава, суду прад’яўлена не было. Пра тое, што зьмяніліся ўмовы, яму ніяк не паведамлялі. Такім чынам, нават калі прыняць аргумэнтацыю боку адказчыка, выходзіць, што страхавы выпадак наступіў не ў 2007, а ў 2011 годзе (тады Тацьцяне Місьнікавай споўнілася 25 гадоў), і ні пра які тэрмін даўнасьці ня можа весьціся гаворкі.
«Калі гэтыя 18 капеек, а яны ўжо прызнаныя, маюць месца, значыць імі карыстаюцца аж да сёньня. А калі імі карыстаюцца, я прашу тыя страты, якія панёс я і панесла Місьнікава Тацьцяна Валер’еўна кампэнсаваць у поўным аб’ёме. Якім чынам? Праіндэксаваць іх з улікам інфляцыі», – заявіў Валер Місьнікаў сваё патрабаваньне ў судзе.
На думку Валера Місьнікава, «Белдзяржстрах» мае дастаткова грошай, каб выплаціць неабходную суму. У судзе ён працытаваў словы кіраўніка прадпрыемства Сяргея Якубіцкага, апублікованыя часопісам «Фінансы, улік і аўдыт», № 12 за 2012 г., які сьцьвярджае, што аб’ём страхавых рэзэрваў, сфармаваных на 1 кастрычніка 2012 году, складае 2 400 млрд беларускіх рублёў.
Заслухаўшы бакі, судзьдзя Варатынская прыняла пастанову на карысьць «Белдзяржстраху». Яна адмовіла прафсаюзу РЭП у задавальненьні пазову, бо нібыта «мінуў тэрмін пазоўнай даўнасьці». «Чаму ў Ганконгу няма такога крадзяжу? – задае рытарычнае пытаньне Валер Місьнікаў – Чаму там суды справядлівыя, не карумпаваныя? А ў нас, у квітнеючай Рэспубліцы Беларусь, аказваецца, што нельга дамагчыся справядлівасьці і абароны парушаных маёмасных правоў».