“Юнакі на ўроках дапрызыўнай падрыхтоўкі будуць спазнаваць азы будучай вайсковай службы: штудзіраваць агульнавайсковыя ўставы, разьбірацца ў званьнях, вывучаць віды зброі, хадзіць у страі і гэтак далей. Дзяўчыны будуць вывучаць асновы аказаньня першай мэдычнай дапамогі”, – расказвае выданьне.
У цэнтры разьмяшчаюцца стралковы цір і вучэбныя кабінэты. Макеты аўтаматаў Калашнікава, навучальныя дапаможнікі, стэнды і тапаграфічныя карты перадало цэнтру Міністэрства абароны.
Ад цяперашняга навучальнага году ў цэнтры пачнуць падрыхтоўку больш за 300 навучэнцаў 10-11 клясаў Чашніцкага раёну.
Падобныя цэнтры ўжо працуюць у Полацку, Наваполацку, Глыбокім і Лепелі. Яшчэ 7 такіх цэнтраў плянуюць адкрыць цягам двух гадоў. Але ўжо ў 2019-м будуць адкрытыя два цэнтры ў Віцебску і адзін – у Воршы.
“Мушу зазначыць, што такое навучаньне пакаленьня падлеткаў важнае ня толькі для будучай службы ва Ўзброеных Сілах, але і ў іншых сілавых структурах”, – падсумаваў на адкрыцьці цэнтру намесьнік міністра абароны Сяргей Патапенка.
“Стварэньне на Віцебшчыне цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі – наглядны прыклад узаемадзеяньня Мінабароны і Мінадукацыі на месцах”, – пішуць “Витебские вести”.
Як паведамляе Мінабароны, загадам міністра абароны за ўсімі школамі і цэнтрамі дапрызыўнай падрыхтоўкі замацаваныя вайсковыя злучэньні і часткі, навучальныя ўстановы і ваенныя катэдры.
Фота: vitvesti.by