17-гадовы хлопец быў затрыманы супрацоўнікамі Першамайскага аддзелу аховы сумесна з супрацоўнікамі крымінальнага вышуку 31 траўня. Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, школьнік увечары 1 траўня на пераходным мосьце праз Маскоўскі праспэкт у Білеве скраў з пакету 39-гадовага мясцовага жыхара шакалядку і гаманец, у якім было 1 рубель 20 капеек.
Агульная сума нанесенай шкоды склала 2 рублі 35 капеек, паведамляе прэс-служба Дэпартамэнту аховы Віцебску. Санкцыя артыкулу, паводле якога распачатая крымінальная справа, прадугледжвае грамадзкія працы, або штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт на тэрмін да шасьці месяцаў, або абмежаваньне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьне волі на той самы тэрмін.