Міжнародная праваабарончая арганізацыя распаўсюдзіла паведамленьне з заклікам дамагацца вызваленьня віцебскага лекара Ігара Пастнова, зьмешчанага ў Віцебскі абласны псыхіятрычны шпіталь на прымусовае лячэньне пасьля шэрагу крытычных выступаў у інтэрнэце і СМІ. У паведамленьні Amnesty International гаворыцца, што Ігар Пастноў — псыхіятар зь Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі — цягам апошніх паўтара гадоў неаднаразова крытыкаваў на YouTube палітыку ўраду й гарадзкую сыстэму аховы здароўя.

Віцебскія праваабаронцы Павал Левінаў і Пётар Іваноў, якім 29 жніўня дазволілі сустрэцца з доктарам Ігарам Пастновым ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі паведамілі, што ўмовы яго ўтрыманьня ў гэтай лячэбнай установе палепшыліся. Цяпер Ігару Пастнову дазволена весьці ліставаньне; дасылаць і атрымліваць тэлеграмы, лісты, грашовыя пераказы, пасылкі і бандэролі; атрымліваць перадачы; карыстацца тэлефонам; прымаць наведвальнікаў; мець і атрымліваць прадметы першай неабходнасьці; карыстацца ўласным адзеньнем.

Часова выконваючы абавязкі начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму палкоўнік міліцыі Мікалай Данькоў паведаміў, што па звароце віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава на «тэлефон даверу» МУС Рэспублікі Беларусь кіраўніцтвам унутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму праведзеная праверка, па выніках якой начальніку аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску падпалкоўніку міліцыі Шаховічу А.І. строга паказана на недапушчэньне надалей фактаў несвоечасовага пачатку правядзеньня асабістага прыёму грамадзян.

Віцябчук Пётар Іваноў накіраваў скаргу на дзеяньні службовых асоб дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь на адрас спадарыні Маргарат Сэкаг’і, спэцдакладчыка Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў па пытаньні аб сытуацыі з праваабаронцамі. Ён просіць прызнаць, што службовыя асобы дзейнічалі ў адносінах да яго як праваабаронцы недапушчальным чынам, супярэчачы духу і літары «Дэклярацыі аб праве і абавязку пэўных асоб, груп і органаў грамадзтва падтрымліваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды».

Выйшла з друку «Шэрая кніга», у якой падаецца хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне ў пэрыяд зь ліпеня 2012 па чэрвень 2013 году. Аб’ём кнігі складае 120 старонак. Аўтары выданьня падрыхтавалі таксама электронную вэрсію кнігі, якую разьмясьцілі ў інтэрнэце (спампаваць можна тут), дык што азнаёміцца зь яе зьместам і пры жаданьні надрукаваць можа кожны ахвотны.