Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч і адвакат Уладзімір Лабковіч несправядліва ўтрымліваюцца ў папярэднім зняволенні больш за паўтара года. Ім выставілі сфабрыкаваныя абвінавачванні ў "кантрабандзе" і фінансаванні групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак. Судовы працэс супраць іх распачаўся ў Мінскім гарадскім судзе 5 студзеня, а прысуд чакаецца 3 сакавіка.
"Сітуацыя ў Беларусі заўсёды была жахлівай з пункту гледжання правоў чалавека. На працягу шматлікіх гадоў FIDH супрацоўнічала з "Вясной", каб выкрываць палітычныя пераследы і прыцягваць увагу да драконаўскіх законаў. Працэс супраць лідараў "Вясны" дэманструе, што нават гэтыя законы не працуюць у сённяшняй Беларусі", — тлумачыць Эліс Магвэ, прэзідэнтка FIDH. — "На ўсіх узроўнях: ад следчых органаў да судовай сістэмы — урадавыя чыноўнікі выконваюць палітычную замову пасадзіць Алеся Бяляцкага і ягоных калегаў за краты проста за тое, што яны займаліся сваёй праваабарончай дзейнасцю".
FIDH паўтарае свае заклікі вызваліць праваабаронцаў, аднак усё паказвае на тое, што актывістам будзе вынесены суровы прысуд. Пасля масавых мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у жніўні 2020 года жорсткія рэпрэсіі яшчэ больш ускладнілі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. За два гады, што мінулі пасля гэтых падзеяў, улады знішчылі любую палітычную апазіцыю і грамадзянскую супольнасць.
На жаль, справа Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча вельмі падобная да мноства іншых судовых пераследаў, пабудаваных на сфабрыкаваных доказах, якія ляжаць у аснове прававога дэфолту ў Беларусі. У гэтай публікацыі FIDH растлумачвае, чаму абвінавачванні супраць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча з'яўляюцца сфабрыкаванымі.
- 16 месяцаў практычна цалкам сакрэтнага расследавання
Следчыя дзеянні доўжыліся 16 месяцаў з моманту затрымання і зацягваліся як мага даўжэй, каб аказаць ціск на затрыманых і прымусіць іх прызнаць віну. Увесь гэты час затрыманыя былі пазбаўленыя спатканняў са сваякамі, а іх доступ да медыцынскай дапамогі быў сур'ёзна абмежаваны.
Улады намагаліся захаваць расследаванне як мага больш закрытым, таму абавязалі ўсіх адвакатаў, сваякоў і сведак падпісаць форму аб неразгалошванні. Праваабаронцы практычна не валодалі інфармацыяй пра стан затрыманых і ўтрыманне абвінавачванняў, вядомыя дэталі даводзілася складаць разам, як кавалачкі галаваломкі.
- Зусім новыя абвінавачванні, прад'яўленыя за чатыры месяцы да судовага разгляду
Больш за год, з 14 ліпеня 2021 года, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч знаходзіліся пад вартай паводле абвінавачвання ва "ўхіленні ад сплаты падаткаў". Абвінавачванне было складзена пасля 120 вобшукаў і рэйдаў па ўсёй краіне і апытанняў каля 100 сведак. Не здолеўшы абгрунтаваць першую версію абвінавачванняў, у верасні 2022 года следства замяніла абвінавачванні ва "ўхіленні ад сплаты падаткаў" новым абвінавачваннем. Сёння ўсе трое абвінавачваюцца ў "кантрабандзе" і фінансаванні дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак.
- "Вясну" літаральна абвінавачваюць у тым, што яна дапамагае сотням людзей
Пракурор зачытваў абвінаваўчае заключэнне на працягу дзвюх гадзін. Праваабаронцаў абвінавачваюць у атрыманні на свае замежныя рахункі буйной сумы грошай, якую яны выкарыстоўвалі ў "злачынных" мэтах, у тым ліку для аказання дапамогі затрыманым пасля дэманстрацый пратэсту, аплаты паслугаў адвакатаў, арганізацыі незалежнага маніторынгу выбараў і працягу дзейнасці "Вясны" пасля яе ліквідацыі. Ён таксама зачытаў доўгі спіс людзей, якія атрымалі дапамогу ад "Вясны".
Іншымі словамі, праваабаронцы абвінавачваліся ў ажыццяўленні праваабарончай дзейнасці. Згодна са скажонай логікай беларускіх уладаў, уся праваабарончая дзейнасць, за якую "Вясна" атрымала сваю вядомасць і за якую Алесь Бяляцкі быў узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй міру, з'яўляецца незаконнай і павінна быць пакараная.
- У 2014 годзе Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў аналагічнае абвінавачванне адвольным
Праваабаронцы былі затрыманыя паводле такіх самых абвінавачванняў, якія выстаўлялі супраць Алеся Бяляцкага ў 2011 годзе. Такія абвінавачванні ўжо былі прызнаныя адвольнымі Камітэтам ААН па правах чалавека ў 2014 годзе. Тады Валянцін Стэфановіч заявіў: "Гэтае рашэнне Камітэта па правах чалавека, заснаванае на міжнародным праве, прызнае законнасць дзейнасці "Вясны" і цалкам рэабілітуе Алеся Бяляцкага".
На думку Камітэта, Беларусь парушыла права на свабоду асацыяцыі, калі адмовіла "Вясне" ў рэгістрацыі яшчэ ў 2003 годзе. Адмова ў рэгістрацыі "Вясны" зрабіла яе дзейнасць незаконнай на тэрыторыі Беларусі і пазбавіла яе сябраў доступу да сваіх правоў. Камітэт далей пацвердзіў, што вынясенне прысуду Алесю Бяляцкаму за дзеянні, злучаныя з атрыманнем і выдаткоўваннем сродкаў для ажыццяўлення дзейнасці "Вясны", было непасрэдным вынікам парушэння свабоды асацыяцыі.
- У зале суда з трыма праваабаронцамі абыходзіліся як са злачынцамі
Трое палітзняволеных вясноўцаў прысутнічалі ў зале суда ў кайданках і за кратамі. Такія меры ў Беларусі не ўжываюцца нават да людзей, якіх абвінавачваюць у забойстве. Суддзя адхіліў хадайніцтва абвінавачаных аб зняцці кайданкоў. Улады з жорсткасцю пагрэбавалі як прэзумпцыяй невінаватасці, гэтак і разумным сэнсам.
- Ані незалежныя СМІ, ані актывісты не былі дапушчаныя на судовы разгляд
Беларускія ўлады афіцыйна не закрылі судовы працэс, але праз тое, што ў Беларусі не засталося незалежных СМІ ці НДА, навакольнаму свету дэ-факта даступна вельмі мала інфармацыі пра судовы працэс. У выніку буйнамаштабных рэпрэсій пасля выбараў са жніўня 2021 года было закрыта 1180 арганізацый грамадзянскай супольнасці. У суд былі дапушчаныя толькі праўрадавыя прапагандысцкія СМІ. Дыпламатам краін Еўрапейскага саюза патрабавалася акрэдытацыя для ўдзелу ў працэсе: у першы дзень судовага працэсу яны сабраліся перад будынкам суда, каб выказаць салідарнасць з праваабаронцамі.
Расійская праваабаронца і журналістка Кацярына Яншына была асуджаная ў Мінску да 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле абвінавачвання ў дробным хуліганстве пасля таго, як яна паспрабавала зрабіць фатаграфію падчас судовага працэсу. Актывістка прыляцела ў Мінск, каб прысутнічаць на слуханні і падтрымаць сваіх калегаў-праваабаронцаў на судзе.
- Адзін месяц на тое, каб прачытаць 84900 старонак крымінальнай справы
Крымінальная справа праваабаронцаў складаецца з 283 тамоў. Кожны том утрымлівае каля 300 аркушаў дакументаў. Палітзняволеным вясноўцам быў вылучаны адзін месяц на азнаямленне з матэрыяламі справы, а гэта значыць, што абвінавачаныя павінны былі чытаць больш за 9 тамоў, ці 2700 старонак, за дзень. Амаль немагчыма прачытаць столькі старонак за такі кароткі час. І, вядома, падрыхтавацца да абароны ў такім рэжыме немагчыма. Алесь Бяляцкі, напрыклад, не паспеў прачытаць звыш 70 тамоў. Больш за тое, яму не далі права чытаць дакументы на яго роднай беларускай мове: усе дакументы былі па-руску.