Ідэя аб'яднаць намаганні праваабаронцаў розных краін, якія працуюць па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, лунала ў паветры даўно. Але змагла ажыццявіцца ў Кіеве толькі напрыканцы лістапада 2021 году. Тым не менш, на агульную думку, гэтае мерапрыемства аказалася як нельга дарэчы. Прысутныя на форуме праваабаронцы ў адзін голас заявілі аб тым, што маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі дэманструе татальнае парушэнне грамадзянскіх і палітычных правоў беларускімі праваахоўнымі органамі і судамі. Колькасць такіх парушэнняў налічвае сотні штомесяц.
На думку праваабаронцаў, чым бліжэй да галасавання на рэспубліканскім рэферэндуме, рэпрэсіі з боку дзяржаўных органаў у дачыненні апазіцыйна настроеных грамадзян будуць узрастаць.
Прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый выказалі падтрымку намаганням беларускіх праваабаронцаў па фіксацыі катаванняў, жорсткага і бесчалавечнага абыходжання ў беларускіх папраўчых установах, аддзяленнях міліцыі, падчас ператрусаў і затрыманняў актывістаў.
Усе гэтыя факты плануецца выкарыстоўваць у будучыні супраць прадстаўнікоў беларускіх уладаў у міжнародных судовых інстанцыях.
Пасля завяршэння асноўнай часткі канферэнцыі беларускія і ўкраінскія праваабаронцы абмеркавалі найбліжэйшыя планы рэалізацыі сумесных праектаў і ініцыятыў.
Лявон Яфрэменка