“Пытаньне аб стварэньні пастаяннай камісіі па пытаньнях абароны правоў чалавека будзе ўнесенае на разгляд дэпутатаў Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў на чарговай сэсіі Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў”, – гаворыцца ў адказе на зварот праваабаронцы.
“Аб выніках разгляду Вы будзеце паінфармаваны дадаткова”, – паведамляецца ў лісьце.
Праваабаронца жадае прысутнічаць на сэсіі
Такі адказ ня цалкам задаволіў Паўла Левінава. 31 сьнежня праваабаронца накіраваў у абласны савет яшчэ адзін зварот – з просьбай правесьці паседжаньне сэсіі, на якой будзе разглядацца гэтае пытаньне, “адкрыта і публічна, загадзя паінфармаваўшы аб месцы, даце і часе сэсіі”.
Левінаў нагадаў старшыні аблсавету, што згодна з Законам “Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні” “сэсіі Савету праводзяцца адкрыта і публічна, грамадзяне маюць права ўносіць у Савет матываваныя прапановы аб неабходнасьці прыняцьця рашэньняў Савету, пры гэтым разгляд такіх прапаноў мусіць адбывацца з удзелам прадстаўнікоў грамадзян”.
Праваабаронца прапануе таксама, каб Віцебскі абласны Савет дэпутатаў разам з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый і грамадзянскай супольнасьці распрацавалі Палажэньне “Аб грамадзкім камітэце па правах чалавека Віцебскай вобласьці”.
Нагадаем, што зараз у Віцебскім абласным Савеце дзейнічае пяць пастаянных камісій – па пытаньнях агракомплексу і экалёгіі, эканамічнага разьвіцьця, мясцовага самакіраваньня, прамысловасьці і ЖКГ, а таксама па пытаньнях сацыяльнай сфэры. Ніводная зь іх не не закранае наўпрост пытаньні абароны правоў чалавека.
На думку Паўла Левінава, стварэньне камісіі па правах чалавека ў абласным Савеце паспрыяе абароне правоў і свабод грамадзян, а гэтым самым – паменшыць колькасьць індывідуальных зваротаў у Камітэт ААН па правах чалавека ад жыхароў Віцебшчыны.
Па колькасьці такіх зваротаў у КПЧ ААН Віцебская вобласьць займае зараз першае месца сярод рэгіёнаў Беларусі.
Зьміцер Міраш