Звычайна лекцыі «Навукі не ў сабе» праходзяць пры поўным аншлягу, зьбіраючы нашмат больш людзей, ніж цяпер, у асноўным студэнтаў і старшаклясьнікаў. Гэтым жа разам заля была амаль пустая. Чым такое можна было патлумачыць? Мабыць, віцебчукі вельмі адукаваныя ў заяўленай тэме і ня маюць патрэбы ў дадатковых ведах? А мо гэтая тэма нецікавая? Або дрэнна анансавалася ў сацыяльных сетках? Але, найхутчэй, гэта проста агульны трэнд, што назіраецца ў Беларусі цягам многіх гадоў: поўная апатыя грамадзян да ўсяго таго, што хоць неяк зьвязана з палітыкай. Будзь то выбары розных узроўняў, дзейнасьць палітычных партыяў ці проста артыкул у інтэрнэце. Нашы грамадзяне ўжо на рэфлекторным узроўні разумеюць: усё, што зьвязана з палітыкай, ня ёсьць добра, а таму лепш туды ня совацца.
А лекцыя пры гэтым атрымалася цікавай. Міхаіл Мацкевіч, палітоляг і праваабаронца арганізацыі «Офіс па правох людзей з інваліднасьцю» паспрабаваў на пальцах растлумачыць асноўныя паняцьці, зьвязаныя з ладам і функцыянаваньнем дзяржаўнай сыстэмы. Закраналіся такія тэмы як дзейнасьць парлямэнту і ўраду, падзел галінаў улады, адміністрацыйнае дзяленьне Беларусі, функцыянаваньне Канстытуцыі, судовая сыстэма, палітычны лад дзяржавы, дзейнасьць партыяў, выбарчая сыстэма і іншыя.
Падчас лекцыі Міхаіл правёў займальны тэст. Ён дэманстраваў на экране фатаграфіі беларускіх дзяржаўных функцыянэраў, чыноўнікаў і парлямэнтароў, а слухачы мусілі здагадацца, хто гэта. Так, кіраўніка Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту Віктара Нікалайкіна апазнаў толькі адзін чалавек. Па гэтым факце можна меркаваць, наколькі віцебскія чыноўнікі вядомыя і папулярныя сярод гараджан. Міністра ж адукацыі Ігара Карпенку не пазнаў наогул ніхто.
Закраналася тэма і дзейнасьці парлямэнтароў. Міхаіл Мацкевіч ёсьць памочнікам дэпутаткі Алены Анісім, а таму шмат каму было цікава даведацца падрабязнасьці яго працы. Паводле заканадаўства, у беларускіх дэпутатаў ёсьць права мець ня больш за 5 памочнікаў, прычым толькі двое зь іх могуць атрымліваць заробак, а астатнія павінны працаваць на грамадзкіх пачатках. Міхаіл працуе задарма. Паводле яго словаў, у беларускім парлямэнце ёсьць толькі адзін чалавек, які размаўляе на беларускай мове, – і гэта Алена Анісім. Усе астатнія, калі нават ведаюць і разумеюць беларускую мову, не выкарыстоўваюць яе ў працы.
Невялічкі блёк лекцыі тычыўся судовай і праваахоўнай сыстэмаў Беларусі. Слухачы даведаліся пра судовую гіерархію і правілы звароту ў Канстытуцыйны суд, а таксама пра паўнамоцтвы і магчымасьці пракуратуры. На думку лектара, грамадзяне не заўсёды правільна разумеюць, навошта існуе інстытут пракуратуры ў нашай краіне. Адна з асноўных задач пракуратура – захаваньне законнасьці, але людзі не заўсёды гэта разумеюць:
«У нас якое ўяленьне пра пракурора? Гэта хто? Гэта той, хто сядзіць у судзе і дае шмат гадоў, просіць шмат гадоў. Звычайна стаўленьне шараговых грамадзян да пракурора не зусім слушнае. Гэта благі чалавек, які саджае людзей. Але па сутнасьці пракуратура засноўвалася дзеля таго, каб захоўвалася законнасьць. І здараецца так, што пракуратура выносіць пратэст у некаторых справах», – сказаў Міхаіл.
Пад канец сустрэчы надышоў час пытаньняў і адказаў. Кагосьці цікавіла празрыстасьць і падсправаздачнасьць беларускіх уладаў, кагосьці – колькасьць зарэгістраваных у краіне палітычных партыяў, а нехта запытаў: «Ці лёгка ў Беларусі рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы?». Вядома, не на ўсе пытаньні былі дадзеныя адназначныя і дакладныя адказы. У кожнага, напэўна, ёсьць свае меркаваньні і свае варыянты. Але ў гэткай разнастайнасьці думак і заключаецца свабода меркаваньняў, гарантаваная Канстытуцыяй.
https://vitebskspring.org/news/pravaabaroncy/item/3030-vitsebchukam-patlumachyli-na-paltsakh-yak-pratsue-dzyarzhaunaya-systema#sigProId32f3316367
Уладзімер Бяляўскі