У лістах Павал Левінаў абгрунтоўвае такую неабходнасьць, у тым ліку, судовымі памылкамі: “Прамінулі дзесяцігодзьдзі, але дагэтуль валасы ўстаюць дыбарам, калі ўяўляеш, што па справе віцебскага маньяка Міхасевіча судом нявінна былі асуджаныя 13 чалавек: аднаго пасьпелі расстраляць, трое адседзелі амаль па 10 гадоў, астатнія атрымалі тэрміны меншыя i таксама сядзелі...”
Праваабаронца нагадвае віцебскім судзьдзям пра вынесены імі 22 верасьня 2017 году сьмяротны прысуд у дачыненьні да Віктара Лётава – пра выкананьне гэтага прысуду стала вядома 29 траўня 2018 году падчас разгляду скаргі ў Вярхоўным судзе іншага асуджанага да сьмяротнага пакараньня, Аляксандра Жыльнікава.
Павал Левінаў у лістах да віцебскіх судзьдзяў падкрэсьлівае: “Выступаю за справядлівае і абгрунтаванае пакараньне для злачынцы, якое служыць мэтам правасудзьдзя і годнага грамадзтва, дзе права на жыцьцё зьяўляецца абсалютнай каштоўнасьцю. Сьмяротнае пакараньне расцэньваю як парушэньне права на жыцьцё, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека”.
У дадатак да лістоў праваабаронца даслаў судзьдзям брашуру «Непазьбежнасьць памылкі: адпраўленьне правасудзьдзя ў выпадках сьмяротнага пакараньня» і бюлетэнь «Прычыны скасаваць сьмяротнае пакараньне».