Ужо некалькі гадоў дзейнічае місія арганізацыі ў Берасьці. У гэтым памежным горадзе атабарылася шмат расейскіх сем'яў, выхадцаў з Паўночнага Каўказу, у асноўным з Чачні і Дагестану, якія спрабуюць праехаць у Польшчу, каб там атрымаць статус уцекача. Але польскія памежнікі іх не прапускаюць, і яны вымушаныя заставацца ў Берасьці. Беларускія ўлады спрабуюць не зьвяртаць увагу на сытуацыю, і клопат з боку праваабаронцаў зьяўляецца для мігрантаў з Расеі вельмі актуальным. Паводле падлікаў Human constanta, іх на цяперашні момант налічваецца каля 500 чалавек.
Вядоўца сэмінару, праваабаронца Валдзіс Фугаш, гэтак патлумачыў асноўную мэту імпрэзы: «З 2014 году вельмі актыўна пачалася праварадыкальная прапаганда ў сродках масавай інфармацыі, і зьявілася шмат праварадыкальных груповак па ўсёй Эўропе, уключаючы Беларусь. І мы зразумелі, што трэба праводзіць адпаведныя сэмінары, каб паўплываць як-небудзь на гэтую сытуацыю».
На пачатку сэмінару ўдзельнікам прапанавалі адказаць на пытаньне, наколькі яны адчуваюць сябе мігрантамі. А пасьля, у канцы сустрэчы, адказаць, ці не зьмянілася іх адчуваньне праз атрыманую інфармацыю.
Падчас сустрэчы слухачы змаглі даведацца, што міграцыя бывае вымушаная і добраахвотная.
На цяперашні час у сьвеце налічваецца больш за 244 мільёны добраахвотных мігрантаў. У Расеі – больш за 2 мільёны. У Беларусі з уласнай ахвоты атаўбаваліся каля 200 тысяч чалавек, у асноўным грамадзяне Расеі, Украіны і іншых краін былога Савецкага Саюзу. Што тычыцца вымушанай міграцыі, то тут лічбы больш сьціплыя, але таксама выглядаюць уражліва. Паводле дадзеных на 2016 год, вымушаных мігрантаў налічвалася каля 65 мільёнаў ва ўсім сьвеце, зь іх 40 мільёнаў – гэта ўнутраныя мігранты, якія перасяляюцца ўнутры адной краіны, як, напрыклад, ва Ўкраіне.
Таксама падчас сустрэчы былі выкрытыя многія так званыя міты, якія звычайна атачаюць гэтую тэматыку. Напрыклад, пастаянна на слыху словазлучэньне «нелегальны мігрант», але насамрэч не бывае нелегальных мігрантаў, а ёсьць толькі людзі, якія не змаглі ці не пасьпелі зь нейкай прычыны аформіць усе неабходныя дакумэнты. Таму больш правільна іх называць «незадакумэнтаваныя мігранты», ці па-ангельску «undocumented migrants». Яны не зьяўляюцца спрэс злачынцамі, як многія мяркуюць, і валодаюць усімі тымі ж правамі, як і астатнія людзі.
Ці, напрыклад, міт аб тым, што ўсе сырыйскія бежанцы ўцякаюць у Эўропу. Насамрэч большасьць грамадзян гэтай краіны атабарваюцца ў арабскім сьвеце. Калі ў Эўразьвяз з 500-мільённым насельніцтвам прыехаў 1 мільён сырыйцаў, то толькі ў Лібан з насельніцтвам 4,8 мільёна чалавек прыбыў таксама 1 мільён. А яшчэ грамадзяне Сырыі пераехалі ў Турэччыну, Саудаўскую Арабію і іншыя мусульманскія краіны. Дык што тэзіс пра тое, што Эўропа «ісламізуецца», таксама зьяўляецца, па сутнасьці, вялікім мітам, якім нас пастаянна палохаюць.
Што тычыцца беларускіх рэаліяў, то тут няма дакладнай інфармацыі. Зьвязана гэта ў першую чаргу з нашай закрытай палітычнай сыстэмай, якая ня хоча распаўсюджваць такія дадзеныя, і адкрытай мяжой з усходнім суседам. Паводле некаторых дадзеных, у Расею выехала ад 500 тысяч да 1 мільёну грамадзян нашай краіны. Некаторыя затым вяртаюцца, але многія застаюцца там на сталай аснове. Сама ж Беларусь з моманту атрыманьня незалежнасьці да красавіка 2018 году надала статус уцекача толькі 934 вымушаным мігрантам. Асноўная прычына такой маленькай лічбы – нежаданьне саміх замежнікаў заставацца ў нашай краіне і адсутнасьць жаданьня даваць такі статус з боку беларускіх уладаў. Так, з 1200 грамадзян Украіны, уцекачоў ад вайны на Данбасе, якія папрасілі гэты статус, атрымаць яго змаглі толькі некалькі чалавек.
Адчуваньне сябе мігрантам ня надта памянялася ў большасьці ўдзельнікаў па завяршэньні сэмінару. Толькі адзін хлопец заявіў: «Я зразумеў, што падстаў для міграцыі ў мяне нашмат зьменшылася, але жаданьне эміграваць з краіны засталося на такім жа высокім узроўні».
І колькі такіх, хто жадае пакінуць Беларусь? Можна толькі гадаць.
https://185.103.110.115/news/pravaabaroncy/item/2785-u-vitsebsku-razvyanchali-mity-ab-migratsyi#sigProIda8d69b080e
Уладзімер Бяляўскі