«Не!» – сьмяротнаму пакараньню
Як адзначыў Андрэй Палуда, кампанія супраць сьмяротнага пакараньня дзейнічае ў двух накірунках: юрыдычным (праца ў беларускіх і міжнародных судох з кейсамі, зьвязанымі са сьмяротнымі прысудамі) і інфармацыйным (тлумачэньне неабходнасьці адмовы ад сьмяротнага пакараньня).
На жаль, на побытавым узроўні існуе яшчэ шмат каламесіцы ў пытаньні сьмяротнага пакараньня. Разам з тым сярод прадстаўнікоў заканадаўчай улады прысутнічае пэўнае ўсьведамленьне неабходнасьці ўкараненьня ў Беларусі эўрапейскіх і агульначалавечых стандартаў у галіне правоў чалавека.
Калі на сайтах пачытаць камэнтары пад артыкуламі, прысьвечанымі праблеме сьмяротнага пакараньня, то яны часьцяком прасякнутыя нянавісьцю ў дачыненьні ня толькі да злачынцы, асуджанага на вышэйшую меру пакараньня, але і да ягоных сваякоў. І тут рэч у тым, што сама наяўнасьць сьмяротнага пакараньня ў нацыянальным заканадаўстве немінуча раскручвае сьпіраль нянавісьці.
На існаваньне ў краіне сьмяротнага пакараньня ўплывае і пазыцыя прэзыдэнта. Яго асабістае меркаваньне спрыяе ня толькі захаваньню сьмяротнай кары, але ўплывае нават на вынікі разгляду касацыйных скаргаў асуджаных на сьмерць асобаў. Асабліва з улікам таго, што менавіта кіраўнік дзяржавы прызначае ўсіх чальцоў судовага корпусу. Па вялікім рахунку, ёсьць пазыцыя, ад якой залежыць усё.
У сувязі з імаверным рэфэрэндумам Андрэй Палуда выказаў здагадку, што адным з пытаньняў, якія будуць вынесеныя на ўсенароднае абмеркаваньне, будзе ўвядзеньне мараторыя на сьмяротнае пакараньне. Але нават скасаваньне кары сьмерцю не дае гарантыі яе невяртаньня ў нацыянальнае заканадаўства ў будучыні. Гісторыя ведае прыклады, калі адмененае сьмяротнае пакараньне празь нейкі тэрмін вярталася ізноў. Так, за савецкім часам сьмяротнае пакараньне адмянялася тры разы, а ў Расейскай імпэрыі, складовай часткай якой была і Беларусь, – пяць разоў. У гэтай сытуацыі падаецца важным не прыпыняць асьветніцкую дзейнасьць, як што да правоў чалавека ўвогуле, гэтак і да праблематыкі сьмяротнага пакараньня ў прыватнасьці.
Дыскусійная частка
Узьнятыя лектарам пытаньні выклікалі гарачае абмеркаваньне сярод прысутных. Дыялёг атрымаўся насычаным эмоцыямі і канкрэтнымі прыкладамі з жыцьця.
Адказваючы на пытаньне прадстаўніцы аргкамітэту «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Тацяны Севярынец, ці магчыма спадзявацца на перамены пры адсутнасьці выразнай прававой пазыцыі сярод беларускіх грамадзянаў, Андрэй Палуда зазначыў, што Беларусь – вельмі кансэрватыўная краіна, але не ў рэлігійным кантэксьце, а ў савецкім. Савеччына захоўваецца тут усюды – пачынаючы ад абрэвіятуры КДБ і заканчваючы сыстэмай расстрэлу людзей, якая пакрытая важкай заслонай сакрэтнасьці. Ён распавёў, што ў кожным выпадку, нават калі чалавек не зьвяртаўся па памілаваньне, адмысловая камісія па памілаваньні разглядае справу і пасьля кіраўнік краіны прымае ўказ, пад якім апошнім ставіць свой подпіс. Дагэтуль мы ня ведаем канкрэтнай колькасьці расстраляных у Беларусі пасьля развалу СССР. Цяпер у расстрэльных камэрах знаходзяцца шэсьць асобаў, вышэйшая мера да якіх можа быць выкананая ў кожную хвілю.
Падчас дыскусіі згадалі і выбух у менскім мэтро, пасьля якога сьмяротны прысуд у дачыненьні да віцебчука Ўладзіслава Кавалёва быў выкананы ў надзвычай сьціслы тэрмін.
Грамадзкі актывіст Ян Дзяржаўцаў узьняў пытаньне масавых расстрэлаў за часамі сталінізму, а таксама нагадаў пра справу Генадзя Міхасевіча, ахвярамі якой сталі некалькі невінаватых чалавек. Як адзначыў Андрэй Палуда, важкім аргумэнтам на карысьць адмены сьмяротнага пакараньня для яго ёсьць імавернасьць судовай памылкі, прыкладам чаго служыць лёс Мікалая Цярэні, расстралянага замест Міхасевіча.
Пасьля абмеркаваньня прысутныя праглядзелі некалькі мультфільмаў, створаных актывістамі кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня”.
https://vitebskspring.org/news/pravaabaroncy/item/2752-pravaabaronchy-uik-end-u-vitsebsku-pachausya-z-lektsyi-pra-smyarotnae-pakaranne#sigProIdbc9117d872
С. Горкі