Перад дэманстрацыяй аўтары стужкі – мясцовыя журналісткі Алена Сьцяпанава, Вікторыя Дашкевіч ды барысаўскі апэратар Аляксандар Зянкоў – падзяліліся з прысутнымі гісторыяй яе стварэньня. Як выказалася Алена Сьцяпанава, галоўнай задачай фільму было паказаць праваабаронцу з чалавечым тварам і стварыць вобраз, як мага больш блізкі да арыгіналу. Падчас здымак, спрабуючы паказаць Паўла ў розных жыцьцёвых акалічнасьцях, аўтары даведаліся багата новых адметнасьцяў ягонага характару і стаўленьня да жыцьця, хаця, здавалася б, дасюль зналі яго добра.
Каб праверыць адпаведнасьць створанага ў сцэнары вобразу рэальнай постаці героя стужкі, давялося аб’ехаць ці не палову Беларусі, наведваючы ягоных калегаў-праваабаронцаў з розных рэгіёнаў краіны, якія яго добра ведаюць.
Вікторыя Дашкевіч дадала да сказанага каляжанкай, што ад пачатку хацелася стварыць фільм, які б гледачу карцела дагледзець да канца, бо “праваабаронца” – гэта сумна, “дакумэнтальная стужка” – таксама сумна. Балазе асоба героя давала добрыя магчымасьці для рэалізацыі задумы. Вікторыя мяркуе, што атрымаўся, мабыць, і не зусім традыцыйны фільм пра праваабаронцу, але тая лёгкасьць жанру, якая ў ім прысутнічае, дадасьць герою папулярнасьці сярод звычайнага гледача. Гледача, які ўбачыць на экране чалавека, што можа дапамагчы, і адчуе ў ім сябра ўсіх несправядліва пакрыўджаных.
Цікава, што сцэнар будучага фільму Павал Левінаў упершыню пабачыў у Віцебскім ІЧУ, дзе адбываў пятнаццацісуткавае зьняволеньне за сваю праваабарончую дзейнасьць. Гэткі падарунак ад віцебскіх журналістаў, перададзены імі праваабаронцу за краты, стаўся для яго прыемнай неспадзяванкай, падтрымкай і праявай салідарнасьці аднадумцаў.
Прагляд фільму скончыўся нягучным воклічам: “Я такі, як Паша!”, воклічам праваабаронцаў у часе ўвязьненьня іх калегі, які аўтары скарысталі ў сваім фільме.
Апошнім прамаўляў Павал Левінаў. Ён, у прыватнасьці, зазначыў, што адсутнасьць прававой культуры ва ўладаў і прававых ведаў сярод простых грамадзянаў спрычыняецца да той жаласнай сытуацыі з правамі чалавека, якая цяпер існуе ў Беларусі. Але ня ўсё згублена. «Давайце трымацца разам, рабіць агульную справу і пашыраць шэрагі грамадзянскай супольнасьці», – заклікаў праваабаронца.
Неўзабаве творчы калектыў прадэманструе фільм і ў іншых рэгіёнах Беларусі, а затым ён стане дасяжным для вольнага прагляду ў сеціве.
https://vitebskspring.org/news/pravaabaroncy/item/2562-vitsebski-pravaabarontsa-paval-levinau-stau-geroem-dakumentalnaj-stuzhki#sigProIdbf881014b1
С. Горкі